Ларыса Жыгар: Ілюзій няма…



Старшыня грамадскага аб’яднання «Матчын рух 328» Ларыса Жыгар распавяла, як пачалася яе выбарчая кампанія.

Ларыса Жыгар балатуецца ў 49-й Занёманскай акрузе ў Гародні і зараз праводзіць ў горадзе пікеты.

Ларыса Жыгар: Як вядома, я балатуюся ад Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), у маёй ініцыятыўнай групе 12 чалавек, якія працуюць у Гародні.

Ладзім пікеты, размаўляем з людзьмі, але, шчыра кажучы, вялікіх ілюзій, што патраплю ў парламент, у мяне няма. Я разумею, што ёсць тыя, хто хоча абрацца дэпутатам, і ёсць тыя, каго прызначаць дэпутатам.

РР: У такім выпадку, якая мэта вашага ўдзелу ў парламенцкай кампаніі?

Ларыса Жыгар: Такім чынам я хачу дапамагчы моладзі – самай прагрэсіўнай частцы, ад якой залежыць наша будучыня. На мой погляд, каб зараз больш давалі дарогу маладым, то адбыліся б змены і ў эканоміцы краіны, і ва ўсіх іншых галінах.

А што мы зараз маем? Палова моладзі з’язджае з краіны, частка знаходзіцца ў месцах пазбаўлення волі. З усімі імі можна працаваць, і ад гэтага, на мой погляд, было б куды больш карысці для Беларусі.

РР: Наколькі вядома, вы хочаце зарэгістраваць свой рух афіцыйна. Што чуваць у гэтым плане?

Ларыса Жыгар: Я з гэтай нагоды сустракалася з міністрам юстыцыі Алегам Сліжэўскім, і той сказаў, што ніякіх перашкод для гэтага няма. Маўляў, дзеля гэтага патрэбна правесці ўстаноўчы сход і падрыхтаваць неабходныя дакументы.

Такі сход мы запланавалі ў Менску на 26 кастрычніка гэтага году. Таму зробім усе неабходныя працэдуры, пададзім дакументы і пабачым, як да гэтага паставіцца дзяржава.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя