Лаўрэатамі прэміі імя Святланы Навумавай сталі беларускія палітзняволеныя



9 сакавіка ўручаная штогадовая прэмія імя беларускага палітолага, выкладчыка Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта Святланы Навумавай за 2020 год.

„Прэмія — гэта заслуга „Гавары праўду”, іх вернасці памяці Святланы Навумавай, чалавека, які стаяў ля вытокаў гэтага руху”, — сказаў у час цырымоніі кіраўнік журы, прафесар Уладзімір Дунаеў.

На яго думку, з часоў Макіявелі „зацвердзілася думка пра тое, што палітыка і мараль — дзве рэчы несумяшчальныя, уяўленне пра тое, што палітыка — справа брудная, амаральная, успрымаецца з энтузіязмам”.

„Гэтая прэмія, можа быць, — якраз спроба вярнуць мараль у палітыку”, — дадаў Дунаеў.

Сёлета прэмія была ўручаная ў трох намінацыях: „Свабодная Беларусь”, „Грамадзянская ініцыятыва”, „Грамадзянская ўзаемадапамога”.

Лаўрэатамі ў намінацыі „Свабодная Беларусь” сталі ўсе палітзняволеныя, дыплом і памятны знак былі перададзеныя праваабаронцу з пазбаўленага дзяржрэгістрацыі праваабарончага цэнтра „Вясна” Уладзіміра Лабковіча.

„Гэта намінацыя тых 269 палітвязняў, якія зараз знаходзяцца за кратамі, гэта намінацыя тых тысяч людзей, якія пацярпелі, тых дзясяткаў тысяч, якія прайшлі праз катаванні і здзекі”, — сказаў Лабковіч.

Праваабаронца дадаў, што, „на жаль, гэтая лічба не закрытая”. „Гэта абавязак праваабаронцаў, палітыкаў, журналістаў і ўсяго нашага грамадства — паставіць у гэтай гісторыі кропку, каб у Беларусі не было палітвязняў”, — падкрэсліў Лабковіч.

Ініцыятыва „Разам Ты не адзін” стала лаўрэатам у намінацыі „Грамадзянская ўзаемадапамога” за дзейнасць падчас пандэміі каронавісу. У намінацыі „Грамадзянская ініцыятыва” пераможцам сталі „Сумленныя людзі”.

Навумава, якая была адной з актывістак кампаніі „Гавары праўду”, памерла 10 сакавіка 2011 года. Прэмія яе імя, як заявілі арганізатары, закліканая стымуляваць дзейнасць палітычных журналістаў і аналітыкаў, а таксама звярнуць увагу на найбольш перспектыўных маладых палітыкаў і грамадскіх дзеячаў у Беларусі.

Прэмія ўручаецца з 2012 года ў трох намінацыях. У гэтым годзе спіс намінацый быў цалкам абноўлены.

„Было вельмі складана на гэты раз выбіраць, хто лепшы, хто заслугоўвае гэтай узнагароды ў грамадстве, бо гэта мільёны беларусаў”, — сказаў БелаПАН сустаршыня грамадскага аб’яднання „Гавары праўду” Андрэй Дзмітрыеў.

Паводле яго слоў, у выніку аргкамітэт прыняў „экстраннае рашэнне”, прызначыўшы новыя намінацыі, „бо гэта тры сацыяльныя з’явы, якія зрабілі Беларусь такой, якой яна ёсць”.

БелаПАН