Lawtrend зняпраўдзіла Макея



Кіраўніца цэнтра Lawtrend Вольга Смалянка пракаментавала заяву кіраўніка МЗС Беларусі Уладзіміра Макея пра дзейнасць беларускага прадстаўніцтва ААН.

Вольга Смалянка падкрэсліла, што сілавікі затрымлівалі і дапытвалі супрацоўнікаў прадстаўніцтва ААН у Беларусі, а ў справе супраць Офісу правоў людзей з інваліднасцю няма складу злачынства.

31 ліпеня Алегу Граблеўскаму і Сяргею Драздоўскаму змянілі меру стрымання — яны адпушчаныя з-пад арышту пад паручальніцтва. Яны застаюцца фігурантамі крымінальнай справы, яе не закрылі. 3 жніўня ўлады ліквідавалі «Офіс правоў людзей з інваліднасцю».

26 верасня ў каментары тэлеканалу «Беларусь-1» міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей расказаў, што паведаміў генеральнаму сакратару ААН Антонію Гутэрышу, быццам некаторыя прадстаўнікі каманды арганізацыі ў Беларусі выкарыстоўвалі грошы, якія выдзяляліся для людзей з інваліднасцю, на падтрымку пратэстоўцаў супраць Лукашэнкі.

Беларускае Радыё Рацыя