Леанід Рашэтнікаў: Беларусь – гэта частка РФ



reshetnikov

Пра немагчымасць існавання незалежнай Беларусі і штучнасць беларускай мовы заявіў дырэктар Расейскага інстытута стратэгічных даследванняў Леанід Рашэтнікаў:

Сітуацыя вельмі для нас неспрыяльная. Усё рухаецца па ўкраінскім сцэнары, ну можа быць з нейкімі ньюансамі, але працэсы вельмі падобныя і на жаль не бачым працэсаў, якія ім супрацьстаяць.

Вось гэтая лінія на як бы такое аддзяленне беларусаў ад расейцаў, вось гэта стварэнне такога плоту паміж беларусамі і расейцамі ў ідэалагічным, гістарычным, ідэйным плане, і нават ў нейкай ступені ў духоўным, яна відавочная проста. У першай залі была выстаўлена і цяпер там знаходзіцца газета “Праўда” – наша маскоўская, ну ў сэнсе савецкая газета “Праўда” за 1926 год. На першай старонцы пастанова аргбюро ЦК ВКП(б), і называлася гэтая пастанова “Пра стварэнне беларускай мовы”. Разумееце? 1926 года. Вось гэтая бомба, якая была закладзена тады, яна зараз выбухнула, і працягваюць выбухаць маленькія бомбачкі.

Мы прыклалі руку да стварэння беларускай мовы, значыць атрымліваецца, што гэтай мове 90 гадоў.

Ну што ж гэта за краіна, што ж мы робім, навошта мы нявечым гісторыю, перапісваем тысячагадовую гісторыю – 90 гадоў мове. Гэта вельмі непакоіць усіх нас, я мяркую і наша кіраўніцтва таксама. Патрэбная дыскусія, прынамсі казаць пра гэта адкрыта. Увага многіх цяпер адцягнутая Сірыяй ці Украінай, прыходам да ўлады Трампа, забываюць пра Беларусь.

Нельга забываць – гэта гістарычная частка вялікай Расеі, вялізнай Расеі, гэта частка нашага народа.

Так жа і з Беларуссю, пра што яны думаюць – кіраўнікі. Незразумела, ці то пра ўласнае становішча, ці то яшчэ пра нешта. Пра што яны думаюць? Аддаліцца ад Масквы і аддацца камусьці іншаму – вось што атрымліваецца. Ну немагчыма спадарства ў гэтым свеце такім маленькім краінам існаваць без апоры на нейкую сілу. Калі вы разрываеце сувязь са сваёй прыроднай, натуральнай апорай, то будзеце абапірацца на недзе ўбітую вялізную сваю, убітую якой-небудзь дзяржавай. Вы ўсё роўна будзеце чапляцца за яе – вось пра гэта мы кажам.

Якая Беларусь незалежная ад Масквы і Масква нам нічога дыктаваць не можа?

Вінцук Вячорка

Мовазнаўца і філолаг Вінцук Вячорка пракаментаваў гэтыя выказванні:

– Ягоныя гэтыя 90 гадоў адлічваюцца ад фікцыі, ад прыдуманага ім дакумента, якога ніколі не існавала ў прыродзе. Пісьмовыя помнікі, якія дазваляюць гаварыць, што пэўныя гукавыя альбо граматычныя рысы беларускай мовы, як адметныя сярод іншых славянскіх, сягаюць XIII, а нават XII стагоддзя. Казаць, што Беларусь – гэта частка Расейскай імперыі, увогуле не выпадае. У такім выпадку Індыя частка Брытанскай імперыі, якую захапілі, а пасля вымушаныя былі з ганьбай сысці адтуль.

Выказванні Рашэтнікава ўпісваюцца ў імперскую плынь цяперашняй палітыкі Расейскай Федэрацыі.

Такія выказванні доктара гістарычных навук, якія абапіраюцца на фальшывых звестках, могуць паспрыяць кансалідацыі беларусаў, як нацыі і як грамадства, лічыць Вінцук Вячорка.

Беларускае Радыё Рацыя