Леанід Заяц і Міхаіл Русы атрымалі новыя пасады



Былы міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Леанід Заяц прызначаны старшынёй Магілёўскага аблвыканкама, былы віцэ-прэм’ер Міхаіл Русы — памочнікам прэзідэнта — інспектарам па Магілёўскай вобласці. Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, такое рашэнне Аляксандр Лукашэнка прыняў 1 красавіка.

Указы прэзідэнта аб зняцці Русага і Зайца з пасадаў віцэ-прэм’ера і міністра былі падпісаныя 27 сакавіка. Разам з імі сваіх пасадаў пазбавіліся старшыня Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Даманеўскі і памочнік прэзідэнта — інспектар па Магілёўскай вобласці Генадзь Лаўранкоў.

За два дні да гэтага, 25 сакавіка, Лукашэнка рэзка раскрытыкаваў працу дзяржчыноўнікаў па развіцці сельскай гаспадаркі ў Магілёўскай вобласці, якая па паказчыках знаходзіцца на апошніх месцах. „Цэлы віцэ-прэм’ер, якi загадвае сельскай гаспадаркай, курыруе Магілёўскую вобласць, упаўнаважаны прэзідэнта. Памочнік прэзідэнта зубы праеў на сельскай гаспадарцы і Магілёўскай вобласці, губернатар самы прасунуты — і вы займаеце апошняе месца. Якую я з гэтага павінен рабіць выснову?” — сказаў ён.

26 сакавіка Лукашэнка наведаў малочнатаварны комплекс „Сліжы” прадпрыемства „Амкадор-Шклоў”, якое ўваходзіць у структуру аграхолдынга „Купалаўскае”, і абурыўся ўмовамі ўтрымання кароў, а таксама адсутнасцю парадку ў вытворчых памяшканнях. Кіраўнік дзяржавы даручыў зняць з пасад усіх вінаватых у неналежных умовах гаспадарання ў аграхолдынгу „Купалаўскае” і распачаць па фактах безгаспадарнасці крымінальныя справы.

Прымаючы 1 красавіка Русага і Зайца, Лукашэнка растлумачыў матывы сваіх кадравых рашэнняў. Ён нагадаў: за ўсё, што адбывалася ў краіне ў сферы сельскай гаспадаркі, Русы і Заяц неслі персанальную адказнасць. „Пачынаючы ад маіх канкрэтных даручэнняў па пэўных культурах — лён, рапс і іншае — і да тэхналогій у сельскай гаспадарцы і экспарту прадукцыі на іншыя рынкі. І я папрасіў бы вас яшчэ раз, каб вы не думалі, што гэта нейкі экспромт з-за нейкай фермы ў Сліжах. Слухайце, там ёсць каму займацца фермамі, і яны павінны былі гэтым займацца. Яны цяпер і займаюцца. Гэта справа перш за ўсё кіраўніка гаспадаркі і старшыні райвыканкама”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

„Не трэба думаць пра тое, што беспарадак на фермах і машынных дварах ў гэтым „Купалаўскім” прывёў да адстаўкі аднаго і другога”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. „Я папярэджваў, асабліва вас, Леанід Канстанцінавіч, ні з кім не трэба размаўляць. Усе вельмі шмат кажуць, але мала робяць. Вы гэты фактар не ўлічылі і не ўлічвалі. Тое ж самае тычыцца віцэ-прэм’ера, які быў адказным за Магілёўскую вобласць”, — нагадаў Лукашэнка.

Гаворачы аб новых пасадах Зайца і Русага, ён адзначыў: „Гэта загад. Вы ўдваіх едзеце ў Магілёўскую вобласць, наведзяце там жалезны парадак і праінфармуеце мяне. Я буду ў вас кожны месяц у Магілёўскай вобласці. Чым змагу, тым дапамагу. Але перш за ўсё вы там пасееце як трэба, па тэхналогіі. І на працягу месяца, калі вам трэба перавесці Магілёўшчыну на ваеннае становішча, як цяпер у „Купалаўскім”, — пераводзіце”.

Лукашэнка запатрабаваў арганізаваць працу ў сельскай гаспадарцы вобласці па тэхналогіі. „Прымусьце, навучыце іх дзейнічаць па тэхналогіі. Не можа Магілёўская вобласць плесціся ў хвасце з такімі глебамі, якімі яна валодае. Гэта выдатныя зямлі. Вы як грамадзяне Беларусі мой загад павінны выканаць. Выкарыстоўвайце любыя законныя метады, любы законны сродак, каб там навесці парадак і даказаць, што вы тэхналагічныя і сапраўдныя мужыкі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

belapan.by