Лешэк Бальцэровіч адмаўляецца быць прэм’ер-міністрам Украіны
Бацька “польскіх эканамічных рэформ” Лешэк Бальцэровіч адмаўляецца быць прэм’ер-міністрам Украіны, але бачыць сябе ў якасці “стратэгічнага дарадцы пры ўкраінскім урадзе”. Пра гэта сам Бальцэровіч заявіў ў праграме тэлеканала “tvn24”.
Лешак Бальцаровіч (Фота se.pl)
Больш падрабязнасцяў ведае наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
Урад Арсенія Яцэнюка прырэчаны. Пра гэта сведчыць і фактычны распад парламенцкай кааліцыі, і хваля крытыкі ва ўкраінскім грамадстве, незадаволеным ходам рэформаў, і інсайдэрская інфармацыя з прапрэзідэнцкіх колаў.
Сярод найбольш верагодных кандыдатаў на пасаду новага прэм’ера называюць адэскага губернатара Міхаіла Саакашвілі, міністра фінансаў Наталлю Ярэська і спікера Вярхоўнай Рады Уладзіміра Гройсмана.
У гэтым кантэксце кандыдатура Лешэка Бальцэровіча на пасаду новага прэм’ер-міністра Украіны выглядае нечакана. Як стала вядома, бацька “шокавай тэрапіі” ўжо разглядаўся ў Кіеве ў якасці магчымага пераемніка Яцэнюка, але адмовіўся ад прапановы.
“Прэм’ерам павінен стаць той, хто размаўляе ўкраінскай мовай і з кім ідэнтыфікуюць сябе людзі”, – патлумачыў Лешэк Бальцэровіч. “Але, калі я змагу адыгрываць іншую роль і ўплываць на ход рэформаў у краіне, я падумаю пра гэта пры ўмове поспеху рэформаў”, – дадаў польскі палітык.
Пры гэтым былы міністр фінансаў Польшчы ўхіліўся ад адказу, ці атрымліваў ён нейкія канкрэтныя прапановы з Кіева. “Я абяцаў пра гэта не гаварыць”, – сказаў Лешэк Бальцэровіч.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя