Ліда: на некаторых выбарчых участках перамагла Святлана Ціханоўская
Назіральнікі паведамляюць пра вынікі галасавання па адным з выбарчых участкаў у Бярозаўцы, што на Лідчыне. Згодна з выніковым пратаколам, кандыдат Лукашэнка набраў 58% галасоў, а яго бліжэйшы апанент – Святлана Ціханоўская – 32,5% галасоў выбарцаў. Пры гэтым, па выніках падліку датэрміновага галасавання, за Лукашэнку была абсалютная большасць бюлетэняў. А па выніках галасавання непасрэдна ў дзень выбараў, перамогу атрымала Святлана Ціханоўская.
– Усё пачынаецца, калі заканчваецца працэс галасавання. Сам падлік. Адназначна, лічбы са столі. Адназначна, нам трэба змагацца за свае галасы. Бо будучыня за намі. І калі мы праглынём тое, што яны нам спрабуюць скарміць, усё, краіна патоне ў хаосе. Перспектываў няма. Моладзь будзе выязджаць. Мы будзем у вечным крызісе. Таму пасля закрыцця выбарчых участкаў мы проста абавязаныя выйсці на вуліцы нашых гарадоў. Калі мы – грамадзяне нашай краіны і калі ў нас баліць душа за будучыню нашай Радзімы. Бо Радзіма ў небяспецы.
Таксама вядома з каментароў на лідскіх інфармацыйных сайтах аб тым, што на некаторых участках у Лідзе сапраўды адбыўся справядлівы падлік галасоў, які выявіў пераважную перамогу Святланы Ціханоўскай.
Андрэй Панямонаў, Беларускае Радыё Рацыя
