Літоўскі дэпутат прапаноўвае прыняць на сесіі ПА АБСЕ рэзалюцыю з крытыкай Беларусі



На сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пройдзе ў Мінску 5—9 ліпеня, літоўскі парламентарый Лаўрынас Кашчунас прапаноўвае прыняць рэзалюцыю па Беларусі. У праекце дакумента гаворыцца аб неабходнасці рэабілітацыі палітвязняў, адмене смяротнага пакарання, а таксама выказваецца занепакоенасць з нагоды будаўніцтва АЭС.

У ім утрымліваецца заклік да беларускіх уладаў забяспечыць адкрытае канструктыўнае ўзаемадзеянне з незалежнымі арганізацыямі грамадзянскай супольнасці і палітычнай апазіцыяй.

Аўтар рэзалюцыі заклікае афіцыйны Мінск рэабілітаваць былых палітвязняў і цалкам аднавіць іх у грамадзянскіх і палітычных правах, уключаючы зняцце ўсіх судзімасцяў і абмежаванняў на іх удзел у палітычным жыцці, у тым ліку ў выбарах.

Беларусь таксама заклікаюць увесці мараторый на прымяненне смяротнай кары і аднавіць працу па правядзенні „ўсёабдымнай электаральнай рэформы ў рамках больш шырокага дэмакратычнага працэсу і ў супрацоўніцтве з міжнароднымі партнёрамі”.

Адзначаецца неабходнасць выканання рэкамендацый Бюро па дэмакратычных інстытутах і правах чалавека (БДІПЧ) АБСЕ, зробленых па выніках назірання за выбарамі ў Беларусі.

БелаПАН