Літоўскія палітыкі стварылі дэпутацкую групу «За дэмакратычную Беларусь»



Як паведамляе прэс-служба АГП, у дэпутацкую групу «За дэмакратычную Беларусь» увайшлі 18 дэпутатаў з розных фракцыяў.

Літоўскія кансерватары Лаўрынас Кашчунас і Эмануэліс Зінгерыс узначалілі групу. У групу ўвайшлі таксама прадстаўнікі кіроўнай кааліцыі, з партыі сялян-зялёных і сацыял-дэмакратаў, два былыя прэм’ер-міністры Літвы Андрус Кубілюс і Гедымінас Кіркілас, экс-міністар абароны Раса Юкнявічэне, экс-міністар замежных справаў Аўдронюс Ажубаліс.

Паводле Кашчунаса, група «За дэмакратычную Беларусь» адкрыта для супрацы і ўзаемадзеяньня з грамадзянскай супольнасьцю Беларусі, з нашымі палітычнымі партнэрамі:

«Для Літвы жыццёва важна мець Беларусь ня проста як суседа, а як дэмакратычную, незалежную краіну. Мы падзяляем ацэнкі, зробленыя місіяй БДІПЧ АБСЕ датычна вынікаў парламенцкай кампаніі ў Беларусі. На жаль, у Беларусі няма легітымнага парламенту, але мы гатовыя ўзаемадзейнічаць з тымі, для каго выбары — гэта каштоўнасць».

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька заявіў, што для прыхільнікаў пераменаў у Беларусі важна, каб аналагічныя дэпутацкія групы з’явіліся ў парламентах і іншых еўрапейскіх краін.

Фота ucpb.org