Літва адклікае амбасадара ў Расеі для кансультацый



Літва адклікае свайго амабсадара ў Расеі Рамігіюса Мотузаса для кансультацый. Пра гэта паведаміла 11 сакавіка агенцтва BNS. Адной з прычын адклікання сталі пагрозы на адрас Мотузаса пасля таго, як Вільнюскі акруговы суд прызнаў былога міністра абароны СССР Дзмітрыя Язава і шэраг іншых расейцаў вінаватымі ў ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавечнасці па справе падзей 13 студзеня 1991 года. Тады цягам сутыкненняў пры спробе частак Савецкай арміі і спецпадраздзяленняў заняць тэлевежу ў Вільні і будынак Літоўскага радыё і ТБ загінулі 14 чалавек, больш тысячы мірных людзей пацярпелі.

У гібелі грамадзянскіх асоб літоўскі бок звінаваціў савецкіх ваенных і палітычнае кіраўніцтва СССР. „Амбасадар адклікаецца для кансультацый з-за небяспекі, абумоўленай пагрозамі, якія атрымала амбасада, супрацоўнікі амбасады і амбасадар пасля прыгавору ў „справе 13 студзеня”, – удакладніла прэс-аташэ міністра замежных спраў Літвы Раса Якілайтэне.

Яшчэ адной прычынай адклікання стала тое, што амбасадар праходзіць адмысловым сведкам у дасудовым расследаванні пра незаконнае выдаванне шангенскіх візаў суўладальніку Новага прамысловага банка Рынату Насыраву і яго сыну. Раней у Літве затрымалі былога амбасадара ў Расеі Рымантаса Шыдлаускаса, яго падазраваюць у атрыманні хабару за дапамогу атрымаць візы.

Беларускае Радыё Рацыя