Літва патлумачыла прычыны парушэння беларускай мяжы



Пілот самалёта праводзіў дэманстрацыйны палёт і загаварыўся з патэнцыйным пакупніком судна.

Пра гэта піша BNS (пераклад – ej.by) са спасылкай на намесніка дырэктара адміністрацыі грамадзянскай авіяцыі краіны Альвідаса Шумскаса.

Паводле ягоных слоў, самалётам кіраваў грамадзянін Даніі, а побач з ім сядзеў літовец, якія планаваў купіць судна: «Гэта быў дэманстратыўны палёт для патэнцыйнага пакупніка з Літвы. Грамадзянін Даніі патлумачыў, што ён крыху забавіўся, распавядаючы пра перавагі самалёта, і выпадкова трапіў у Беларусь».

А ў кампаніі «Паветраная навігацыя» BNS заявілі, што самалёт P46T падняўся з віленскага аэрапорта з планам даляцець да межаў Беларусі і вярнуцца: «Пілот самалёта парушыў прадугледжаны план палёту. Праляцеўшы кропку «Лаварас» ён трапіў на беларускую тэрыторыю. Пілоту загадалі вярнуцца на тэрыторыю Літвы, што і было зроблена».

Нагадаем, 19 красавіка, беларускую мяжу з боку Літвы парушыў лёгкаматорны самалёт. Паводле пагаднення аб абмене інфармацыяй пра інцыдэнт паведамілі літоўскай старанне. У суботу МЗС Беларусі паведаміў, што ў міністэрства быў выкліканы амбасадар Літвы ў Беларусі Андрус Пулокас, якому была ўручаная нота. У ёй беларуская старана заявіла пратэст у сувязі з парушэннем дзяржаўнай мяжы. Паводле звестак міністэрства, самалёт паглыбіўся ў Беларусь на адлегласць да васьмі кіламетраў і праз тры хвіліны, здзейсніў разварот, выйшаў за межы паветранай прасторы краіны.