Літва зменіць парадак пропуску ў пагранічную зону з 1 студзеня



Новы парадак пропуску ў пагранзону ў раёне мяжы з Калінінградскай вобласцю РФ і Беларуссю ўводзіцца ў Літве з 1 студзеня 2018 года. Пра гэта 28 снежня паведаміла служба аховы дзяржаўнай мяжы балтыйскай рэспублікі.

«Намечаныя новаўвядзенні палегчаць пропуск у памежную зону як для фізічных, так і юрыдычных асобаў”, – адзначыла ведамства. «Не будзе таксама ўводзіцца збор за знаходжанне на памежных вадаёмах з мэтай адпачынку або рыбалкі», – гаворыцца ў паведамленні.

Новы парадак адмяняе сістэму дазволаў для знаходжання ў памежнай зоне і ўводзіць адзіны спіс асоб, якія жадаюць патрапіць на гэтую тэрыторыю. 

Тыдзень таму начальнік Службы аховы дзяржмяжы генерал Рэнатас Пожэла казаў аб узмацненні жорсткасці рэжыму памежнай зоны, адзначыўшы, што гэта стане адным са сродкаў умацавання аховы знешніх межаў Еўразвязу.

Шырыня памежнай зоны ўсталёўваецца ў кожным выпадку індывідуальна, яна вагаецца ад 50 м да некалькіх кіламетраў. Парушальнікі рэжыму могуць быць папярэджаны ці аштрафаваныя на суму да € 90, за паўторнае парушэнне – € 170. У гэтым годзе за парушэнне рэжыму перасячэння дзяржмяжы памежнікі пакаралі каля 300 чалавек.

Працягласць літоўска-расейскай мяжы (Літва мяжуе з Калінінградскай вобласцю РФ) складае 294,4 км, з якіх 253,7 км праходзяць па сушы і ўнутраным вадаёмам, 18,5 км – па Куршскім заліве, 22,2 км – па Балтыйскім моры. Працягласць літоўска-беларускай мяжы – 679 км.

tut.bу