Літва зноў заклікала беларускія ўлады не выкарыстоўваць сілу супраць апазіцыі



Літва зноў заклікала беларускія ўлады не выкарыстоўваць сілу супраць апазіцыі.

Як паведамляе прэс-служба МЗС Літвы, міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус 3 жніўня правёў тэлефонную размову з беларускім калегам Уладзімірам Макеем. Размова адбылася з ініцыятывы Літвы.

„Нас вельмі непакоіць магчымае самавольства ўладаў і празмернае прымяненне сілы супраць апазіцыі ў перыяд выбараў і асабліва пасля выбараў, — сказаў Лінкявічус. — Мы таксама вельмі негатыўна ацэньваем запланаваны найбліжэйшым часам запуск астравецкай атамнай электрастанцыі. Наяўная ў нас інфармацыя прымушае зрабіць выснову аб тым, што з запускам прыспешваюць, нягледзячы на патрабаванні бяспекі”.

Лінкявічус яшчэ раз падкрэсліў, што незалежнасць Беларусі важная для Літвы, таму Вільня будзе спрыяць яе захаванню як на міжнародным узроўні, так і ў межах двухбаковых адносінаў.

belapan.by