Лорд-мэр Нотынгема наведае Менск



Майкл Эдвардс, лорд-мэр Нотынгема — пабраціма Менска, наведае беларускую сталіцу. Ён запрошаны на святкаванне 950-годдзя горада, паведаміў 29 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску старшыня камітэта эканомікі Мінгарвыканкама Мікалай Рагашчук.

„Што радуе: мы даўно з гэтым горадам не кантактавалі, але нас звязвае даўняе сяброўства, з 1986 года мы пабрацімы з Нотынгемам. І ўпершыню ў Менск прыедзе лорд-мэр Майкл Эдвардс. Ён прыбывае ў Мінск 6 верасня. Лорд-мэр прыязджае не толькі для таго, каб нас павіншаваць, для яго запланаваная шырокая праграма па наведванні нашых прамысловых прадпрыемстваў. Ён прыязджае разам з выканаўчым дырэктарам камітэта транспарту Манчэстара. Іх цікавяць нашы распрацоўкі электробуса. Таксама яны наведаюць „Штадлер-Мінск”, — паведаміў старшыня камітэта.

Ён таксама адзначыў, што запрашэнні на юбілей горада былі накіраваныя кіраўніцтву больш за 40 гарадоў-пабрацімаў і гарадоў-партнёраў. „На гэты момант ужо пацвердзілі свой удзел 17 дэлегацый з 11 краін. У асноўным гэта расійскія гарады, але таксама будуць прадстаўнікі Ліёна, Вены, шэрагу кітайскіх гарадоў”, — адзначыў Рагашчук.

Паводле яго слоў, дэлегацыі не толькі будуць удзельнічаць у святочных мерапрыемствах, але і азнаёмяцца з мінскімі прамысловымі прадпрыемствамі.

Нотынгем — горад з насельніцтвам больш за 320 тыс. чалавек у цырыманіяльным графстве Нотынгемшыра (Англія). Размешчаны на рацэ Трэнт. У горадзе працуюць прадпрыемствы хімічнай, тэкстыльнай, электроннай і банкаўскай галін. Апошнім часам усё большую вагу ў эканоміцы Нотынгема набываюць розныя напрамкі сферы паслуг і турызм.

belapan.com