Лукашэнка адхіліў ад пасады ўсё кіраўніцтва ААЦ



У кіраўніка Беларусі адбылася нарада з прадстаўнікамі сілавога блока. Аляксандр Лукашэнка прыняў рашэнне адхіліць ад пасады ўсё кіраўніцтва Аператыўна-аналітычнага цэнтра да канца расследавання гучных справаў, якія былі перададзеныя лідару Беларусі.

Ад пасады адхілены ў прыватнасці начальнік ААЦ Сяргей Шпягун і яго намеснікі — Генадзь Бялкоў і Канстанцін Шульган. Шпягун узначальваў Цэнтр ад кастрычніка 2011 года. Як зазначае Наша Ніва, гэта самы закрыты сілавік у краіне, нідзе няма нават яго біяграфічных звестак.

Сярод іншага на нарадзе абмяркоўвалася гібель салдата Аляксандра Коржыча ў вайсковай часці ў Печах. Як паведаміла прэс-сакратарка беларускага кіраўніка, “Лукашэнку літаральна па некалькі разоў на дзень дакладваецца аб ходзе аператыўных мерапрыемстваў. Паверце, яго пазіцыя ў гэтым пытанні настолькі жорсткая, што ніхто з вінаватых ад адказнасці не сыдзе».

Беларускае Радыё Рацыя