Лукашэнка: Беларуска-расейскія вучэнні не нацэленыя на наступ на нечыя тэрыторыі



Беларуска-расейскія вучэнні „Захад-2017” не нацэлены на наступ на нечыя тэрыторыі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 15 чэрвеня на сустрэчы з сакратарамі саветаў бяспекі дзяржаў — удзельніц Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы (АДКБ).

Лукашэнка адзначыў, што беларуская і расейская арміі на заходнім напрамку дзейнічаюць як адзінае цэлае. „Мы гэта ні ад натаўцаў, ні ад каго не ўтойваем. Але калі існуе такая групоўка, цалкам зразумела, што павінны праводзіцца вучэнні. Мы іх і праводзім. Тым не менш нашы вучэнні не нацэлены на наступ на нечыя тэрыторыі — нам сваіх дастаткова, мы не збіраемся нікога заваёўваць. Але будуем сваю палітыку, улічваючы ўрокі мінулага. Мы нікому не пагражаем, мы ні на каго не збіраемся наступаць, ні з кім ваяваць, але мы вучым сваю армію, каб яна была гатова адбіць любы ўдар і нанесці непрымальную шкоду таму, хто захоча з намі ваяваць. Гэта наша канцэпцыя”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

„Самае дзіўнае, што нас папракаюць у тым, што далёкае да таго, што робяць яны. Мы тут не фарміруем і не размяшчаем нейкія новыя часці замежных дзяржаў. Наадварот, мы бачым, як каля нашых межаў з непрыхаванай аператыўнай стараннасцю размяшчаюцца ўсё больш і больш часцей і войск, у тым ліку замежных”, — заўважыў Лукашэнка.

„Добра б войскі, але там размешчаны самыя сучасныя беспілотныя лятальныя апараты, — дадаў ён. — Я калі ўбачыў здымкі гэтых беспілотнікаў <…>, яны ж вельмі вялікія, як сапраўдныя самалёты. Гэта ўдарныя беспілотнікі. Супраць каго? І нам кажуць: вы тут супакойцеся, вы не павінны ніякіх вучэнняў праводзіць. Не, мы будзем праводзіць вучэнні, таму што бяспекай дзяржаў пагарджаць ніхто не будзе. Ні Расея, ні Беларусь, ні АДКБ”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Беларуска-расійскія вучэнні „Захад-2017” пройдуць на тэрыторыі Беларусі і Расеі ў верасні. Тэмай вучэнняў названая падрыхтоўка і прымяненне груповак войскаў (сіл) у інтарэсах забеспячэння ваеннай бяспекі Саюзнай дзяржавы.

Занепакоенасць з нагоды вучэнняў, якія маюць адбыцца, выказвалі палітыкі суседніх дзяржаў, у тым ліку краін Балтыі і Украіны. На іх думку, Расея можа выкарыстаць Беларусь як плацдарм для ўварвання на тэрыторыю сумежных краін.

У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка неаднаразова заяўляў аб безгрунтоўнасці такіх асцярог, а таксама пра гатоўнасць зрабіць гэтыя вучэнні „адкрытымі для ўсіх”.

БелаПАН