Лукашэнка будзе лячыць кітайскіх дзяцей



Аляксандр Лукашэнка падпісаў распараджэнне, якім прадугледжана фінансаванне расходаў па арганізацыі лячэння, рэабілітацыі і аздараўлення ў Беларусі 330 кітайскіх дзяцей.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, дзецям будзе аказана медыцынская дапамога ў рэспубліканскіх арганізацыях аховы здароўя, арганізавана аздараўленне ў летні перыяд на базе Нацыянальнага дзіцячага адукацыйна-аздараўленчага цэнтра „Зубронак” і дзіцячага рэабілітацыйна-аздараўленчага цэнтра „Ждановічы”.

Акрамя таго, у праграму адпачынку ў Беларусі дзяцей з КНР уключаны экскурсійныя праграмы. У іх ліку знаёмства з выдатнымі мясцінамі Нарачанскага краю, экскурсія па Мінску, наведванне Мірскага замка і Нясвіжскага палацава-паркавага комплексу, Батанічнага саду, музея Вялікай Айчыннай вайны, сядзібна-паркавага комплексу „Дукорскі маёнтак”, музейнага комплексу „Дудуткі”.

„Гэта рашэнне накіравана на ўмацаванне двухбаковага супрацоўніцтва з Кітаем, дазваляе рэалізаваць гуманітарную ініцыятыву беларускай дзяржавы, прадэманстраваць асаблівыя дружалюбныя адносіны”, — падкрэсліваецца ў паведамленні прэс-службы.

belapan.com