Лукашэнка даручыў канчаткова ўпарадкаваць Курапаты



Падчас азнаямлення з добраўпарадкаваннем Менскай кальцавой аўтадарогі і развіццём прылеглых тэрыторый 24 траўня Аляксандр Лукашэнка спыніўся ля ўрочышча Курапаты і даў некалькі даручэнняў адносна яго ўпарадкавання, паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

„Тут трэба заняцца дадаткова пасадкай дрэў, — распарадзіўся ён. — І яны, хто там ляжыць (яны нас бачаць), дзякуй скажуць. Па перыметры туі можна. Падумайце, як канчаткова добраўпарадкаваць Курапаты. Некалі мы яшчэ пройдзем, паглядзім”.

„Але недапушчальна, каб хтосьці тут нешта рабіў без дазволу. Гэта ж палітычная дэманстрацыя. Гэта некаму патрэбна. Можаш прыйсці, калі ласка, памаліся, пакладзі кветкі і сыходзь, не замінай гэтым людзям”, — заявіў Лукашэнка.

У цэлым ён запатрабаваў „больш актыўных і прадуманых работ” па азеляненні тэрыторыі ўздоўж МКАД з асаблівай увагай да развязак, адхонаў, пустак. На яго думку, замест „высокіх і непрыгожых” платоў можна „высадзіць дрэвы, напрыклад туі, якія створаць жывую зялёную загарадзь”.

Кіраўнік дзяржавы лічыць, што планы па добраўпарадкаванні тэрыторый па абодва бакі ад МКАД трэба выпрацаваць з прыцягненнем дызайнераў. Акрамя таго, ён мяркуе, што неабходна аператыўна прыняць рашэнні аб магчымай забудове тых ці іншых участкаў уздоўж кальцавой дарогі, перадачы іх інвестарам, а таксама аб найхутчэйшым завяршэнні ўжо распачатага будаўніцтва.

Лукашэнка заявіў, што за кожным уладальнікам прылеглых да МКАД аб’ектаў павінна быць „дакладна замацаваная адказнасць за ўтрыманне і добраўпарадкаванне тэрыторыі”. „Усе аб’екты — крамы, заправачныя станцыі і іншае — гэта іх зона адказнасці”, — растлумачыў ён. Афіцыйны лідар таксама заклікаў больш актыўна займацца добраўпарадкаваннем уладальнікаў жылых дамоў, чые ўчасткі непасрэдна прылягаюць да кальцавой дарогі.

4 красавіка паводле рашэння ўладаў былі знесеныя і некуды вывезеныя 70 шасціметровых крыжоў, якія стаялі па перыметры Курапатаў. Гэтыя дзеянні выклікалі негатыўны рэзананс у грамадстве. Знос крыжоў асудзілі прадстаўнікі розных канфесій.

Пазней улады заявілі, што з 4 па 9 красавіка Бараўлянскі спецлясгас „праводзіў планавыя работы па добраўпарадкаванні ляснога фонду”, у межах якога была „ўсталяваная агароджа па мяжы ахоўнай зоны Курапатаў, а таксама ажыццёўлены дэмантаж незаконна ўстаноўленых аб’ектаў”.

belapan.by