Лукашэнка даў інтэрв’ю вядомаму ўкраінскаму журналісту Гардону



Аляксандр Лукашэнка 5 жніўня даў інтэрв’ю вядомаму ўкраінскаму журналісту Дзмітрыю Гардону.

Інтэрв’ю працягвалася каля дзвюх з паловай гадзін, паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускай дзяржавы. Падрабязна закраналіся пытанні ўзаемаадносін беларускага лідара з былымі і дзейнымі кіраўнікамі іншых дзяржаў, сітуацыя ў рэгіёне, уключаючы канфлікт ва Украіне, знешнепалітычная тэматыка. У цэнтры ўвагі былі і пытанні ўнутранага развіцця Беларусі, выбарчая кампанія.

„Прэзідэнт расказаў аб беларускім вопыце ў барацьбе з пандэміяй, шчыра адказаў на многія пытанні асабістага характару, у тым ліку аб узаемаадносінах у сям’і, падзяліўся некаторымі ўспамінамі з дзяцінства”, — адзначае прэс-служба Лукашэнкі.

У інтэрв’ю ён расказаў аб сутнасці сваёй палітыкі — як унутранай, так і знешняй. „Калі гэта тычыцца краіны, калі я бачу, што гэта несправядліва, для мяне гэта непрымальна. Справядлівасць — гэта аснова таго, што я спрабую рабіць, або правядзення любой палітыкі. У аснове — справядлівасць”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка акцэнтаваў увагу, што законы — гэта добра, але ў іх часам усё не прапішаш. „Справядлівасць — гэта галоўнае. Калі я бачу, што спрабуюць нахіліць маіх людзей, мой народ, Беларусь — гэта ўсё”, — сказаў беларускі кіраўнік.

Украінскае інтэрнэт-выданне „Гордон” паведамляе, што інтэрв’ю перарывалася на тэлефонную гутарку Лукашэнкі з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім.

Інтэрв’ю выйдзе на YouTube-канале „У гасцях у Гардона” найбліжэйшымі днямі. „Такога вы яшчэ не чулі!” — напісаў журналіст, анансуючы праграму.

belapan.by