Лукашэнка: Для нядобразычліўцаў Беларусь – эксперыментальная пляцоўка перад кідком на ўсход



 Нядобразычліўцы Беларусі, як звонку, так і ўнутры краіны, змянілі метады атакі на дзяржаву, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 26 мая ў Доме ўрада на сустрэчы з дэпутатамі абедзвюх палат Нацыянальнага сходу, членамі канстытуцыйнай камісіі і прадстаўнікамі органаў дзяржкіравання.

„Яны пераступілі мноства чырвоных ліній, перайшлі межы здаровага сэнсу і чалавечай маралі”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Варта зазначыць, што прамая трансляцыя сустрэчы не вядзецца. Тэкставыя і відэафрагменты выступу публікуюцца ў дзяржаўных СМІ і праўладных тэлеграм-каналах.

Паводле слоў Лукашэнкі, у Беларусі вядзецца „ўжо не інфармацыйная”, а „гібрыдная, сучасная вайна”. „Трэба зрабіць усё, каб яна не перарасла ў гарачую, — заявіў ён. — Яны не могуць нам дараваць ні „Тратылу”, ні „Манкуртаў” („Тратыл пратэсту” і „Манкурты” — фільмы пра прадстаўнікоў апазіцыі, паказаныя на беларускім тэлебачанні. — БелаПАН.), таму баяцца новых выкрыццяў у паказаннях як збеглых, так і ўнутраных”.

Лукашэнка дадаў, што найбліжэйшым часам грамадскасці пакажуць „усё, што яны нагаварылі, у тым ліку нядаўна затрыманыя”.

„Менавіта таму яны перайшлі ад арганізацыі бунтаў да этапу задушвання. Ідзе пошук новых уразлівасцяў, і гэта накіравана не толькі на нас. Мы для іх палігон, эксперыментальная пляцоўка перад кідком на ўсход. Апрабаваўшы ў нас, яны пойдуць туды”, — лічыць Лукашэнка.

Ён таксама заявіў, што адзін вядомы экстрэмісцкі канал, „які нарадзіўся на беларускай праблематыцы”, але не ў Беларусі, „ужо на ўсю моц працуе супраць Расеі, паказаўшы тым самым сапраўдную мэту заходніх стратэгаў” (верагодна, гаворка ідзе пра канал, які стварыў апальны блогер Сцяпана Пуціла).

Паводле слоў Лукашэнкі, дзяржава, прыняўшы самыя жорсткія меры, „у зародку заглушыла хвалю неанацызму”. „Нашы дзеянні маглі здацца празмернымі тым, хто апраўдвае іх злачынствы. Але гэтая стратэгія жыццёва важная для краіны”, — падкрэсліў ён.

23 мая ў Менску быў затрыманы блогер і актывіст Раман Пратасевіч. Ён вядомы тым, што адміністраваў тэлеграм-каналы, прызнаныя беларускімі ўладамі экстрэмісцкімі. У Беларусі Пратасевіч абвінавачваецца па трох артыкулах Крымінальнага кодэкса, абвешчаны ў міжнародны вышук, улады краіны накіравалі ў Польшчу запыт аб яго выдачы.

Блогер не жыве ў Беларусі і быў затрыманы, калі самалёт авіякампаніі Ryanair, які ляцеў з Афінаў у Вільню, здзейсніў вымушаную пасадку ў Менску.

Як паведаміў 23 мая блізкі да Аляксандра Лукашэнкі тэлеграм-канал „Пул Першага”, паступіла інфармацыя аб замініраванні самалёта. У гэты момант борт знаходзіўся недалёка ад мяжы з Літвой. Паводле інфармацыі канала, „звярнуліся да Менска, каб прынялі самалёт”, і Лукашэнка „даў безумоўную каманду: самалёт разварочваць і прымаць”. Паводле яго даручэння, для суправаджэння пасажырскага самалёта ў неба быў узняты знішчальнік МіГ-29.

Пазней стала вядома пра затрыманне пасажыраў гэтага рэйса Пратасевіча і яго сяброўкі Сафіі Сапегі.

Увечары 24 мая праўладныя тэлеграм-каналы апублікавалі відэа, на якім Пратасевіч заяўляе, што знаходзіцца ў сталічным СІЗА № 1, супрацоўнічае са следствам і дае прызнаўчыя паказанні па факце арганізацыі масавых беспарадкаў у Менску.

Увечары 25 мая апублікаванае відэа з Сафіяй Сапегай, дзе яна заявіла, што з’яўляецца рэдактарам тэлеграм-канала, які публікуе інфармацыю пра супрацоўнікаў органаў унутраных спраў.

Інцыдэнт з самалётам Ryanair выклікаў шырокі міжнародны рэзананс. Дзеянні беларускіх уладаў асудзілі Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Грузія, Літва, Польшча, ЗША, Францыя, структуры ЕС, НАТА і АБСЕ. Міжнародная арганізацыя грамадзянскай авіяцыі (ICAO) выказала „сур’ёзную занепакоенасць відавочна вымушанай пасадкай рэйса Ryanair і яго пасажыраў”. Неадкладнага вызвалення Пратасевіча запатрабавалі Латвія, ЗША, Украіна, Эстонія і іншыя краіны.

Генпракурор Польшчы ініцыяваў расследаванне па факце прымусу самалёта Ryanair да пасадкі ў Менску. Папярэднім расследаваннем занялася таксама пракуратура Літвы, ведамаснае расследаванне праводзіць дзяржаўная паліцыя Латвіі.

Еўрапейскі савет 24 мая заклікаў усіх авіяперавозчыкаў, якія базуюцца ў ЕЗ, пазбягаць палётаў над Беларуссю і забараніць палёты беларускіх авіякампаній у краіны Еўразвязу. Шэраг краін і асобных авіяперавозчыкаў ужо адмовіліся ад палётаў у беларускай паветранай прасторы.

БелаПАН

Фота: belta.by