Лукашэнка: Галоўнае дасягненне Беларусі і Сербіі — магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі



Галоўнае дасягненне Беларусі і Сербіі — магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі, заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 снежня падчас выступу ў Народнай скупшчыне Сербіі.

„Сёння на сустрэчы з прэзідэнтам Сербіі спадаром Аляксандрам Вучычам я сказаў пра тое, што прыбыў да сваіх блізкіх сяброў, у краіну, з якой нас многае звязвае. Гэта сапраўды тыя пачуцці, якія я і ўся наша дэлегацыя кожны раз адчуваем, знаходзячыся ў Бялградзе. Але цяперашні візіт для мяне мае асаблівае значэнне„, — прыводзіць словы Лукашэнкі яго прэс-служба.

Ён звярнуў увагу, што ў бягучым годзе краіны адзначылі 25-годдзе дыпламатычных адносін. Паводле словаў кіраўніка дзяржавы, за гэты час пройдзены няпросты гістарычны шлях. „Наша галоўнае дасягненне — магчымасць быць гаспадарамі на сваёй зямлі, самастойна вызначаць кірункі развіцця, адпаведныя духу часу і дзяржаўным інтарэсам„, — падкрэсліў  кіраўнік Беларусі.

Лукашэнка ўзгадаў, як 20 гадоў таму наведваў Бялград, каб выказаць падтрымку братняму сербскаму народу. „Тады ж, падчас жорсткай, бесчалавечнай агрэсіі НАТА супраць суверэннай Югаславіі, загінулі тысячы ні ў чым не вінаватых людзей. Водгукі гэтай вайны вы перажываеце і зараз, — дадаў кіраўнік дзяржавы. — У тыя хвіліны мы былі побач і ўсяляк падтрымлівалі вас. Беларусь пастаянна выступае на баку Сербіі па пытаннях, звязаных з яе тэрытарыяльнай цэласнасцю і суверэнітэтам. Наша пазіцыя застаецца нязменнай ужо доўгія гады і будзе такой надалей„.

На думку Лукашэнкі, менавіта чалавечая салідарнасць, суперажыванне, якія ідуць ад сэрца, фармуюць культурную і духоўную еднасць, з`яўляюцца падмуркам беларуска-сербскіх адносін. „Гэта наша вялікая спадчына, якую мы павінны зберагчы і перадаць сваім дзецям і ўнукам. Бо сербы, як і беларусы, не па чутках ведаюць, што такое вайна, яе разбуральныя наступствы і незаменныя страты„, — падкрэсліў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што Сербія павінна быць у ліку дзяржаў, зацікаўленых у абмеркаванні праблем сусветнай бяспекі. Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на нарастанне напружанасці ў адносінах паміж краінамі, расхістванне асноў глабальнай бяспекі, павелічэнне колькасці рэгіянальных канфліктаў. На яго думку, неабходна выступаць за вырашэнне любых спрэчак выключна мірным шляхам, на аснове нормаў міжнароднага права.

Беларусь вылучыла ініцыятыву аб абнаўленні шырокага дыялогу ад Атлантыкі да Уладзівастока па ўмацаванні мер даверу, бяспекі і супрацоўніцтва. Лічу, што Сербія будзе ў ліку дзяржаў, зацікаўленых у абмеркаванні гэтых праблем. Бо Югаславія ў свой час была адным з заснавальнікаў Руху недалучэння. Гэтая арганізацыя дазволіла краінам так званага трэцяга свету заявіць пра сябе на міжнароднай арэне, данесці свой голас да вялікіх дзяржаў„, — сказаў Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў шматлікіх скептыкаў пасля прыезду ў Беларусь змяняецца стаўленне да краіны. „За сваю працяглую палітычную кар`еру мне давялося сустрэць шмат скептыкаў, якія, аднойчы пабываўшы ў нас, кардынальна змянілі сваё стаўленне да Беларусі”, — распавёў ён.

БелаПАН

Фота: president.gov.by