Лукашэнка і Пуцін зноў абмеркавалі пастаўкі вуглевадародаў



Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 31 снежня падчас чарговай тэлефоннай размовы абмеркавалі тэму паставак у Беларусь расейскіх вуглевадародаў.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта Беларусі, тэлефонная размова адбылася па ініцыятыве расейскага боку. Пуцін павіншаваў Лукашэнку з надыходзячым Новым годам.

„У працяг і развіццё размовы, якая адбылася напярэдадні, кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі тэму паставак вуглевадародаў, звярнуўшы асаблівую ўвагу на пастаўкі нафты ў Рэспубліку Беларусь”, — гаворыцца ў паведамленні прэс-службы.

Як паведамляе прэс-служба Крамля, падчас тэлефоннай размовы кіраўнікоў дзяржаў „дамоўлена пра наступныя кантакты”.

Тэлефонная размова Лукашэнкі з Пуціным, якая адбылася напярэдадні, 30 снежня, і доўжылася больш за гадзіну, была прысвечаная „ўзгадненню канкрэтных аб’ёмаў, тэрмінаў і цэн на пастаўкі вуглевадародаў і іншых відаў сыравіны”, паведамляла прэс-служба прэзідэнта Беларусі. „Кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі таксама нявырашаныя пытанні інтэграцыі, якія знаходзяцца ў сапраўдны момант на парадку дня”, — гаварылася ў паведамленні.

Лукашэнка і Пуцін „дамовіліся даручыць урадам у найбліжэйшыя дні арганізаваць работу суб’ектаў гаспадарання з выхадам на заключэнне кантрактаў па нафце і газу”.

„У выпадку калі да 1 студзеня дадзеныя пытанні вырашыць не паспеюць, паводле дамоўленасцяў кіраўнікоў дзяржаў, члены ўрадаў выпрацуюць кампрамісны прамежкавы варыянт умоў паставак нафты і газу ў Беларусь, да канчатковага прыняцця рашэнняў прэзідэнтамі. Якія, у сваю чаргу, пры неабходнасці сустрэнуцца для абмеркавання і прыняцця дадзеных рашэнняў пасля калядных святаў у сярэдзіне студзеня”, — паведамляла напярэдадні прэс-служба.

20 снежня ў Санкт-Пецярбургу адбыўся чарговы раўнд перамоваў Пуціна і Лукашэнкі па дарожных картах паглыбленай інтэграцыі Расеі і Беларусі. Бакі не ўрэгулявалі пытанні ў сферы газу, нафты, падаткаў і стварэння наднацыянальных органаў.

belapan.by