Лукашэнка: Калі дэстабілізуем краіну — нас будуць цягаць бізуном



Эканоміка з’яўляецца асновай стабільнасці ў Беларусі, заявіў Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з курсантамі, слухачамі і прафесарска-выкладчыцкім складам Ваеннай акадэміі 22 лютага ў Менску.

„Трэба займацца эканомікай — гэта аснова стабільнасці. Таму галоўнае не страціць стабільнасць. Як бы ні было складана, як бы ні было цяжка. Калі толькі мы дэстабілізуем нашу краіну — яна некаму дастанецца, мы зноў пойдзем пад бізун, як у народзе кажуць, нас будуць цягаць бізуном. Добра нас, мы гэта заслужылі, калі мы да гэтага давялі. А дзеці за што будуць пакутаваць?” — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што „галоўнае — захаваць мір, спакой і стабільнасць”: „Гэта не таму, што я прэзідэнт і чагосьці там баюся. Я ўжо адбаяўся: у мяне ў першы год праз тры месяцы ў Мінску (я прыводжу прыклад часта) на тры дні мукі заставалася і метро забаставала, спыніўся ўвесь транспарт. Я ўжо ўсё гэта прайшоў. Таму галоўнае — гэта мір і стабільнасць. Вось гэтага страціць нельга, зыходзячы з таго, што робіцца ва ўсім свеце”.

Лукашэнка дадаў, што Беларусі цяжка канкураваць з сусветнымі дзяржавамі, якія забяспечваюць сябе прыроднымі рэсурсамі. „А адстаць мы ад іх не павінны. Калі адстанем — усё, будзем правінцыяй некага, — лічыць ён. — Таму новыя тэхналогіі, крыніцы энергіі — мы проста бегчы за гэтым павінны. Калі мы адстанем — мы загінем. Таму патрэбная стабільнасць. І ўвесь час трэба працаваць, увесь час трэба бегчы, каб ад гэтых „монстраў” не адстаць, бо яны нас адной рукой прыхопяць, і будзем мы зноў парубкі ў якім-небудзь Вялікім Княстве Літоўскім або Рэчы Паспалітай. Не хочацца, асабліва для дзяцей, асабліва калі ўжо мы і вы адчулі, што такое суверэнітэт і незалежная дзяржава”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Беларусь не займаецца тайнай дыпламатыяй і такой задачы не ставіцца ні перад работнікамі пасольстваў, ні перад ваеннымі аташэ. Ён падкрэсліў, што „зараз не той час і трэба працаваць іншымі метадамі”, а беларускія дыпламаты за мяжой і ваенныя аташэ найперш арыентаваныя на развіццё гандлёва-эканамічных адносін.

Пры гэтым Лукашэнка прызнаў, што дыпламаты шэрагу дзяржаў, ваенныя аташэ сапраўды займаюцца і разведкай, і шпіянажам, аднак такія задачы ў мірны час перад беларускімі дыпламатамі не ставяцца: „Калі будзе абвастрэнне, на гэты выпадак у нас дыпламатыя ўзмоцніцца. Магчыма, і патаемная дыпламатыя”.

belapan.by