Лукашэнка: Калі шчыра, нас проста прыперлі да сценкі



У дзяржавы няма іншага выйсця, акрамя як забяспечыць у гэтым годзе сярэдні заробак у тысячу рублёў, заявіў Аляксандр Лукашэнка 11 красавіка падчас рабочай паездкі ў Гомельскую вобласць.

Фрагменты размовы кіраўніка дзяржавы з работнікамі ААТ „Рэчыцадрэў” былі паказаныя па тэлеканале  АНТ.

„Гэты год у нас вырашальны, — падкрэсліў Лукашэнка. — Калі шчыра казаць, нас проста прыперлі да сценкі. Няма чым будзе тлумачыць. Тую заработную плату ў тысячу рублёў, якая вызначаная, — у нас выйсця проста іншага няма. Калі мы яе дапаможам людзям зарабіць, усё: тады няхай шумяць, ходзяць, крычаць. Тады ўжо яны павінны варушыцца. Але гэты мінімум мы павінны дапамагчы зарабіць”.

„У наступным годзе такую сітуацыю ў краіне людзі цярпець не будуць, і яны маюць рацыю”, — дадаў Лукашэнка.

У лютым і сакавіку гэтага года ў розных гарадах Беларусі прайшлі вулічныя акцыі пратэсту. Падставай для іх стаў нашумелы дэкрэт прэзідэнта № 3 „Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства”, аднак удзельнікі акцый абураліся не толькі дэкрэтам, але і сацыяльна-эканамічнай палітыкай улады ў цэлым. Многія ўдзельнікі вулічных пратэстаў былі затрыманыя, пакараныя штрафамі і адміністрацыйнымі арыштамі. Затрымліваліся таксама журналісты, якія асвятлялі гэтыя акцыі.

belapan.by