Лукашэнка ляціць у Расею



Аляксандр Лукашэнка 29-30 чэрвеня будзе знаходзіцца з рабочым візітам у Расейскай Федэрацыі, дзе прыме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Дзяржаўнага Савета (ВДС) Саюзнай дзяржавы і чацвёртым Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі. 

Як паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы, на пасяджэнні ВДС плануецца абмеркаваць найважнейшыя пытанні беларуска-расейскага ўзаемадзеяння. Адной з цэнтральных тэм парадку дня з’яўляюцца вынікі гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі за 2016 год. Бакі абмяркуюць пытанні нарошчвання супрацоўніцтва ў машынабудаўнічым сектары і аграпрамысловым комплексе.

Чакаецца, што перад пасяджэннем Вышэйшага Дзяржаўнага Савета адбудзецца сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з Прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным, на якой бакі абмяркуюць найбольш важныя пытанні ўзаемадзеяння краін як на двухбаковай аснове, так і ў інтэграцыйных фарматах, абмяняюцца думкамі па тэматыцы міжнароднага парадку дня.

Фота: Reuters