Лукашэнка назваў фэйкамі заявы аб катаваннях на Акрэсціна



Аляксандр Лукашэнка назваў фэйкамі заявы аб катаваннях у ізалятарах на вуліцы Акрэсціна ў Менску ў 2020 годзе.

«Адказваю пра катаванні на Акрэсціна. Учора чалавек, якога паслаў тады разбірацца на Акрэсціна, красамоўна адказаў. Там было, як ён кажа, дзве тысячы чалавек тады. На Акрэсціна нясуць службу 47 чалавек. Яны што, катавалі дзьве тысячы чалавек, што ўсе чулі за кіламетр у населеным пункце, як крычалі? Гэта фэйк, гэта няпраўда. Навошта іх катаваць? Там жа следства не вялі», – цытуе палітыка агенцтва «Менск-Навіны». Паводле яго слоў, калі і быў хтосьці з сінякамі ў ізалятары, то «яны атрымалі іх на вуліцы, калі рынуліся на ўнутраныя войскі і АМАП».

«У гэтым будынку, у памяшканні, на Акрэсціна, не было такой неабходнасці. Яны там шаўковыя былі, – дадаў Лукашэнка падчас так званай «Вялікай размовы з прэзідэнтам» у Палацы незалежнасці, на якой прысутнічалі прыхільнікі Лукашэнкі і прапагандысты.