Новую рэдакцыю Мытнага кодэксу ЕАЭС падпісалі без Лукашэнкі



Новая рэдакцыя Мытнага кодэксу Еўразійскага эканамічнага саюзу падпісаная 26 снежня ў Санкт-Пецярбургу.

Там прайшло пасяджэнне найвышэйшай Еўразійскай эканамічнай рады. Дакумент падпісалі кіраўнікі Расеі, Казахстану, Арменіі і Кіргізстану. Старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Тыгран Саркісьян паведаміў, што дакумент будзе перададзены для падпісання беларускаму боку.

Мытны кодэкс ЕАЭС заменіць Мытны кодэкс Мытнага саюзу, прыняты ў 2009 годзе. Ён набудзе моц з 1 ліпеня 2017 года, паведамляе БелТА.

На просьбу журналістаў пракаментаваць адсутнасць Аляксандра Лукашэнкі на сённяшнім саміце старшыня калегіі Еўразійскай эканамічнай камісіі Тыгран Саркісьян адказаў: «Без каментароў».

Прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў заявіў, што прычыны адсутнасці Лукашэнкі на самітах ЭАЭС і АДКБ павінен тлумачыць беларускі бок.

* * *

Аляксандр Лукашэнка не прыедзе на саміты ЕўрАзЭС і АДКБ у Санкт-Пецярбург, але гэта не паўплывае на падпісанне падрыхтаваных дакументаў. Пра гэта сёння, 26 снежня, заявіў прэс-сакратар прэзідэнта Расеі Дзмітрый Пяскоў.

«Дэ-факта гэта (адсутнасць Лукашэнкі) не перашкодзіць абмяркоўваць субстанцыйныя пытанні, звязаныя з інтэграцыяй. Усе дакументы, якія сёння падпісваюцца, раней былі цалкам узгоднены з нашымі беларускімі партнёрамі », – сказаў Пяскоў. Пасля ён растлумачыў, што дакументы будуць накіраваныя ў Менск на подпіс кіраўніку Беларусі, паведамляе eadaily.com.

000019_696692_big

Фота Белта

Замест удзелу ў самітах Лукашэнка правёў у Менску  нараду. Кіраўнік Беларусі даручыў дзяржаўным органам звярнуць асаблівую ўвагу на забеспячэнне бяспекі грамадзян у перыяд навагодніх і калядных святаў, перадае belta.by. Таксама разглядаюцца пытанні прыцягнення ў рэспубліку знешняга фінансавання.

* * *

26-га снежня ў Санкт-Пецярбургу адбудуцца саміты ЕўрАзЭС і АДКБ. Магчыма, Аляксандр Лукашэнка не прыме ўдзелу ў іх працы.

Раней прэсавая служба Крамля паведамляла, што «26 снежня прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін прыме ўдзел у пасяджэнні Вышэйшага Еўразійскага эканамічнага савету і сесіі Савету калектыўнай бяспекі АДКБ у Санкт-Пецярбургу. На саміце ЕўрАзЭС лідары Арменіі, Беларусі, Казахстану, Кіргізстану і Расеі падвядуць вынікі першых двух гадоў працы Саюзу і намецяць арыенціры ў далейшым развіцці гэтага інтэграцыйнага аб’яднання».

За дзень да саміту некаторыя СМІ паведамілі, што кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка не плануе браць удзел у самітах Еўразійскага эканамічнага савету і Арганізацыі Дамовы калектыўнай бясьпекі. У прыватнасці, пра гэта РБК расказалі тры чалавекі, знаёмыя з арганізацыяй самітаў.