Лукашэнка незадаволены тым, як урад вырашае праблему з няякаснай нафтай



Аляксандр Лукашэнка незадаволены тым, як урад вырашае сітуацыю з пастаўкамі ў Беларусь і транзітам цераз беларускую тэрыторыю няякаснай нафты з Расеі. Пра гэта ён заявіў 21 траўня на нарадзе па актуальных пытаннях эканомікі.

„Нашумелая праблема „атрутнай” гэтай нафты. Якая цяпер сітуацыя ў нас? Я прачытаў даклад і вярнуў яго прэм’ер-міністру. Вы мне больш не пішыце гэтыя даклады. Вы проста губляеце час. Трэба два радкі: чаго вы дамагліся станоўчага за апошні час. Навошта вы мне апісваеце увесь свой гераізм, з кім вы там сустракаліся, з кім размаўлялі, што абмяркоўвалі, як? Мне патрэбен вынік”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Няякасная расейская нафта стала паступаць у красавіку. З-за забруджанай хлорарганікай сыравіны на Мазырскім НПЗ выйшла са строю дарагое абсталяванне. Неўзабаве транзіт нафты ў Еўропу па нафтаправодзе „Дружба” быў спынены цалкам. Пастаўкі чыстай нафты на тэрыторыю Беларусі аднавіліся ў пачатку мая.

Беларусь разлічвае на кампенсацыю шкоды ад паставак і транзіту „бруднай” нафты. 11 траўня Лукашэнка заявіў, што з-за паставак няякаснай расейскай нафты Беларусь страціла „велізарныя грошы” — сотні мільёнаў долараў. Паводле ацэнкі беларускіх спецыялістаў, недаатрыманая выручка ад рэалізацыі нафтапрадуктаў у красавіку склала 108 млн даляраў, а ўрон ад пашкоджанага абсталявання Мазырскага НПЗ — прыкладна 30 млн даляраў. У сваю чаргу міністр энергетыкі Расеі Аляксандр Новак заявіў, што агульная шкода ад забруджвання нафты ў трубаправодзе „Дружба”, хутчэй за ўсё, не перавысіць 100 млн даляраў.

Перамовы аб кампенсацыі шкоды вядуцца ўжо некалькі тыдняў, бакі ўзгаднілі праект дарожнай карты па ўрэгуляванні сітуацыі з пастаўкамі нафты, а таксама стварылі рабочую групу па ацэнцы шкоды і вызначэнні спосабаў кампенсацыі.

belapan.by