Лукашэнка паабяцаў Парашэнку любую дапамогу (абноўлена)



Беларусь гатова аказваць дапамогу Украіне заўсёды, калі яна папросіць. Пра гэта заявіў кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў час сустрэчы з прэзідэнтам Украіны Пятром Парашэнкам у Кіеве, паведамляе Hromadske.tv.

„Трэба будзе ад Беларусі штосьці – скажы, мы табе за суткі ўсё зробім, што ты папросіш. Усё, што прэзідэнт Украіны не прасіў – публічна кажу – мы заўсёды ўсё рабілі. І так будзе ў далейшым”, – падкрэсліў Лукашэнка.

Паводле яго слоў, гэта звязана не толькі з пытаннямі гандлю паміж краінамі.

„Для нас гэта не гульня. Не толькі таму, што таваразварот, а таму, што мы суседзі, мы побач жывем, мы родныя людзі (…) Я хачу, каб ва Украіне было добра. Многія гэта разумеюць, як нейкія гульні і г.д. Я ведаю, што вы не так гэта ўспрымаеце. Вы – прэзідэнт, вам балюча. Мне таксама балюча. І з гэтага я сыходжу”, – дадаў ён.

Аляксандар Лукашэнка накіраваўся з працоўным візітам ва Украіну, перадае БелТА. У Кіеве запланаваныя яго перамовы з Пятром Парашэнкам. Чакаецца, што кіраўнікі дзяржаў абмяркуюць актуальныя пытанні беларуска-ўкраінскіх узаемадачыненьняў, а таксама пытанні міжнароднай палітыкі.

У цэнтры Кіева прадстаўнікі беларускай апазіцыі праводзяць акцыю пратэсту. “Мы пратэстуем супраць дыктатарсакай палітыкі Лукашэнкі,”- кажа арганізатар акцыі – старшыня Руху Салідарнасці “Разам” Вячаслаў Сіўчык:

– Мы знаходзімся на скрыжаванні двух кіеўскіх вуліц – Інстытуцкай і Банкавай. Тут пад’езд да адміністрацыі прэзідэнта. Сабраліся журналісты з тэлекамерамі, лунаюць нашыя сцягі, плакаты. Бо мы пратэстуем супраць дыктатарскай палітыкі, якую праводзіць Лукашэнка. Зараз з’явілася інфармацыя, што пабаяліся яго міма нас правозіць, яго завезлі ў адміністрацыю прэзідэнта з тыла.

Пэс-служба прэзідэнта Украіны паведамляе, што Пятро  Парашэнка запрасіў таксама і Нурсултана Назарбаева наведаць Украіну.  Прэзідэнт Казахстану прыняў запрашэнне, яго візіт адбудзецца ў панядзелак.

Парашэнка лічыць візіты прэзідэнтаў Казахстану і Беларусі своечасовымі, важнымі і знакавымі.

Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота ntv.ru