Лукашэнка: Пад бізуном мы больш ніколі хадзіць не будзем



Храм-помнік Усіх Святых — „аднагодак нашай незалежнай, суверэннай Беларусі”. „Няхай ён будзе заўсёды сімвалізаваць наш суверэнітэт. І ўсім, хто дрэнна глядзіць на нас, будзе адназначна казаць пра тое, што пад бізуном мы больш ніколі хадзіць не будзем”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання гэтай царквы 7 студзеня, паведаміла прэс- служба прэзідэнта.

Ён падкрэсліў, што беларусы — горды, незалежны, талерантны і вельмі добры народ, які заўсёды добра ставіцца да ўсіх сваіх суседзяў, у тым ліку расіян і ўкраінцаў.

„У розныя часы беларуская зямля губляла мільёны сыноў і дачок, якія, не шкадуючы свайго жыцця, абаранялі сваю Радзіму, — адзначыў афіцыйны лідар. — Лёсы многіх бясследна сцёр час. Але імёны герояў мінулага стагоддзя і нашых дзён мы ўвекавечылі, пабудаваўшы гэты велічны храм-помнік… Усё ў гэтым праекце, ад ідэі да ўвасаблення задумы, служыць галоўнай мэце: захаванню гістарычнай памяці, сцвярджэнню міру і згоды ў грамадстве”.

„Гісторыю не змяніць, яе нельга і забыць. Таму што няма лепшай абароны, чым памяць пра трагічнае мінулае. Мы цэнім мір, таму што былі сведкамі гора і жахаў войнаў, як ніякі іншы народ у свеце. Беларусы гэта выпрабавалі спаўна. Мы цэнім мір і заклікаем усе народы да сяброўства і супрацы. І ў гэтай місіі наша дзяржава, беларускі народ, наша царква заўсёды былі адзіныя”, — заявіў Лукашэнка.

Ён перадаў у дар царкве абраз „Нараджэнне Хрыстовае”. Аляксандру Лукашэнку зрабілі ў падарунак спецыяльны выпуск Евангелля, распрацаваны для асвячэння галоўнага прастола Храма-помніка ў гонар Усіх Святых.

БелаПАН

Фота: president.gov.by

[manual_related_posts]