Лукашэнка падпісаў інтэграцыйны дэкрэт, Пуцін назіраў па відэасувязі з Севастопаля



Аляксандр Лукашэнка падчас пасяджэння вышэйшага дзяржаўнага савету так званай «саюзнай дзяржавы» падпісаў дэкрэт «Аб асноўных напрамках рэалізацыі палажэнняў дамовы аб стварэнні саюзнай дзяржавы на 2021–2023 гады».

Паводле афіцыйных СМІ, мерапрыемства праводзілася ў рэжыме відэаканферэнцыі, дакумент папярэдне «завізаваў» прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін. Удакладняецца, што ў аснову палажэнняў дамовы пакладзены пакет з 28 саюзных праграмаў, якія стануць «трамплінам для паглыблення інтэграцыі».

Паводле ацэнак беларускага боку, прамы эфект ад рэалізацыі інтэграцыйнага пакету для Беларусі прагназуецца ў росце ВУП прыкладна на 1 млрд даляраў, не лічачы дадатковых магчымасцяў на расейскім рынку.

Спачатку анансавалася, што дзеля гістарычнай дзеі расейскі лідар прыбудзе ў Менск. Але замест гэтага ён выправіўся ў анэксаваны Крым — у Севастопалі адбываліся імпрэзы ў рамках Дня народнага адзінства.

Выступаючы на пасяджэнні Вышэйшага дзяржсавета Саюзнай дзяржавы Лукашэнка паскардзіўся, што Уладзімір Пуцін не ўзяў яго сёння з сабой у Крым. «Уладзімір Уладзіміравіч мне ўсё абяцаў, што з сабой возьме ў Крым і пакажа навінкі, што там новага зроблена <…> Але вось сёння адзін з’ехаў і мяне з сабой не запрасіў <…> Ну калі не ў Крым, то, можа, у Піцер з’ездзім», — сказаў беларускі палітык. Пуцін у адказ заявіў, што «мы заўсёды будзем рады вас бачыць».

Беларускае Радыё Рацыя