Лукашэнка падпісаў закон па пытаннях арганізацыі нацыянальнай бяспекі
Аляксандр Лукашэнка 17 траўня падпісаў закон па пытаннях арганізацыі нацыянальнай бяспекі, паведамляе тэлеграм-канал „Пул Першага”.
У дакуменце канкрэтызаваныя падставы для правядзення асабістага надгляду грамадзян, надгляду іх рэчаў, транспартных сродкаў. „Напрыклад, становіцца магчымым правядзенне такога надгляду пры затрыманні, — гаворыцца ў паведамленні. — Удакладняюцца ўмовы і межы прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, зброі, баявой і спецыяльнай тэхнікі. Прадугледжваецца, што супрацоўнікі праваахоўных органаў не нясуць адказнасці за шкоду, прычыненую ў выніку іх прымянення, калі такое прымяненне ажыццяўлялася ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўчых актаў, якія рэгулююць дзейнасць гэтых органаў”.
Акрамя таго, органы ўнутраных спраў атрымліваюць права прымяняць баявую і спецыяльную тэхніку пры спыненні масавых беспарадкаў.
„Супрацоўнікам органаў унутраных спраў даецца права забараняць грамадзянам ажыццяўленне відэазапісу, кіна- і фотаздымкі для правядзення працэсуальных дзеянняў, забеспячэння грамадскага парадку, асабістай і грамадскай бяспекі; весці гука- і відэазапіс навакольнага становішча, у тым ліку грамадзян, пры выкананні службовых абавязкаў”, — паведамляе „Пул Першага”.
На сайце Савета Рэспублікі паведамляецца, што гэты закон „скіраваны на ўдасканаленне з улікам практыкі прымянення дзейнага заканадаўства прававых і арганізацыйных асноў дзейнасці органаў унутраных спраў, умоў і межаў прымянення фізічнай сілы, спецыяльных сродкаў, баявой і спецыяльнай тэхнікі, прымянення і выкарыстання зброі вайскоўцамі ўнутраных войскаў, супрацоўнікамі органаў памежнай службы, органа дзяржаўнай аховы і органаў дзяржаўнай бяспекі”.
У прыватнасці, прадугледжваецца:
— аднесці органы ўнутраных спраў да ваенізаваных арганізацый;
— замацаваць падставы і рамкі абмежавання адкрытасці (галоснасці) рэалізацыі функцый органаў унутраных спраў;
— стварыць падраздзяленні па процідзеянні кіберзлачыннасці і міжтэрытарыяльныя падраздзяленні па грамадзянстве і міграцыі;
— удасканаліць падставы і парадак прымянення зброі і спецыяльных сродкаў;
— пашырыць пералік выпадкаў прымянення баявой і спецыяльнай тэхнікі для мэт арганізацыі грамадскай бяспекі і аховы грамадскага парадку;
— удасканаліць парадак прымянення і выкарыстання зброі вайскоўцамі ўнутраных войскаў, супрацоўнікамі органаў памежнай службы, органа дзяржаўнай аховы і органаў дзяржаўнай бяспекі.
Закон таксама надзяляе органы ўнутраных спраў правам на атрыманне на бязвыплатнай аснове без пісьмовай згоды фізічных асоб звестак з інфармацыйных сістэм, у тым ліку якія змяшчаюць персанальныя звесткі.
