Лукашэнка памілаваў некалькіх жанчын, асуджаных за пратэсты



Аляксандр Лукашэнка сваім указам памілаваў некалькі жанчын, асуджаных за пратэсты. Іх вызвалілі з жаночай калоніі ў Гомелі.  

Паведамляецца, што памілаванне прымеркаванае да свята 8 Сакавіка. Колькасць памілаваных не ўдакладняецца. Праваабаронцы паведамляюць імёны дзвюх — гэта Анастасія Ярашэвіч і Наталля Турава.  

20-гадовая жыхарка Ліды Анастасія Ярашэвіч асуджаная на 2 гады калоніі за „гвалт у дачыненні да супрацоўніка міліцыі”. Яна перашкаджала міліцыянтам затрымліваць невядомага мужчыну. Паводле абвінавачання, дзяўчына сарвала пагоны ў двух міліцыянтаў, а аднаго яшчэ і стукнула ў галаву.

Берасцейка Наталля Турава была асуджаная на 1 год і 1 месяц калоніі. Яе прызналі вінаватай у абразе прэзідэнта і знішчэнні дакументаў. 27 траўня мінулага года міліцыянты прыехалі да жанчыны дадому. Там жанчына нібыта „публічна абразіла” Лукашэнку, а потым разарвала пратакол.

Беларускае Радыё Рацыя