Лукашэнка: Парламенцкія выбары, імаверна, пройдуць у верасні



Парламенцкія выбары пройдуць у Беларусі, імаверна, у верасні. Пра гэта заявіў Аляксандр Лукашэнка 3 сакавіка падчас кадравых прызначэнняў, паведамляе БелаПАН са спасылкай на прэс-службу прэзідэнта.

На думку Лукашэнкі, парламент павінен адыгрываць больш прыкметную ролю ў грамадстве, каб людзі бачылі працу тых, каго яны абіраюць.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу на тое, што Беларусь займае выгаднае геапалітычнае становішча, знаходзячыся ў цэнтры Еўропы, аднак у той жа час і адкрыта з усіх бакоў.

„Падладжвацца нікому ні пад што не трэба, трэба мець на ўвазе перш за ўсё свае, нацыянальныя інтарэсы. Але трэба бачыць свет вакол, у якім кірунку ён рухаецца. І мы нікуды не падзенемся ад гэтага руху, дзе-то дошлифовывая, рэфармуючы, можа быць, удасканальваючы тую сістэму, якая ў нас створана”, – сказаў ён.

Як паведамлялася раней, выбары ў Палату прадстаўнікоў павінны адбыцца не пазней за 11 верасня, прызначыць іх варта да 10 чэрвеня. Дэпутаты абіраюцца па мажарытарнай сістэме ў 110 акругах.