Лукашэнка паскардзіўся Пуціну і Мядзведзеву на ўкідванні праз тэлеграм-каналы



Падчас апошняй сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным і былым прэм’ер-міністрам, намеснікам старшыні Савета бяспекі РФ Дзмітрыем Мядзведзевым (відавочна, 7 лютага ў Сочы) Аляксандр Лукашэнка паскардзіўся на „інфармацыйныя ўкідванні” праз тэлеграм-каналы. Сутнасць размовы ён перадаў на сустрэчы з кіраўнікамі дзяржаўных СМІ ў Менску 11 лютага.

„Я нядаўна папрасіў прэс-сакратара, каб падрыхтавала мне апошнія публікацыі ў расейскіх сродках масавай інфармацыі — буйных, дробных, тэлеграм-каналах, але за якімі стаяць канкрэтныя людзі, якія ва ўладзе. Чаму? Таму што, калі я вяду размову — не толькі ж мы пра нафту, газ размаўляем, атамную станцыю і г.д., пра грошы, — я ўвесь час кажу па пытаннях сродкаў масавай інфармацыі”, — сказаў Лукашэнка.

„Гэта сёння вельмі важна для нашага грамадства, у тым ліку і ў Расеі, для расейскага грамадства, — лічыць афіцыйны лідар. — Мы тут сваё грамадства абаронім, але мы ж сёння гандлюем з Расейскай Федэрацыяй. І што значаць інфармацыйныя ўкідванні, наконт, дапусцім, нейкага няякаснага тавару з Беларусі, асабліва прадуктаў харчавання. Людзей гэта насцярожвае”.

„Калі я кажу Пуціну пра гэта, ён мне гаворыць: ну, ты ведаеш, краіна вялікая. Вось і апошнім разам з Мядзведзевым, Пуціным утрох сустракаліся, закранулі гэтую тэму. Кажуць, што гэта не мы. Як гэта не мы, калі за гэтым каналам стаіць вось гэты і гэты чалавек? І называю прозвішчы вядомыя, якія тут перавярнуліся ў нас цяпер там і гэтак далей і люта ненавідзяць ці ж за грошы нешта пачынаюць на наш адрас скажаць. Таму нам хапае з аднаго боку і з другога боку”, — панаракаў Лукашэнка, відэазапіс выказванняў якога размясціў блізкі да яго тэлеграм-канал „Пул Першага”.

belapan.by

Фота — abali.ru