Лукашэнка патрабуе „спыніць разбой”



На нарадзе 3 кастрычніка Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў спыніць разбой з неабгрунтаваным ушчыльненнем жыллёвай забудовы і высечкай дрэў у населеных пунктах, паведамляе прэс-служба кіраўніка Беларусі.

Нарада была прысвечана праекту новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса, а таксама пытанням удасканалення заканадаўства па скарачэнні пустых і старых дамоў.

„Сродкі масавай інфармацыі, як бы яны вамі не былі прыкормленыя, усё часцей гавораць аб скандалах, пачынаючы ад Гомеля і заканчваючы Менскам, з насельніцтвам з нагоды зносу дрэў, — адзначыў Лукашэнка. — Вы пачынаеце там пілаваць, зносіць незразумела што, араць. Замест таго каб парк дзесьці закласці або ў парадак прывесці, вы пачынаеце штампаваць жыллё. Месца няма, дзе жыллё будаваць? Абавязкова трэба канфлікт спарадзіць з насельніцтвам? Вы самі перасяліцеся ў гэты дом і жывіце там, а побач пабудуйце гмах на 12 паверхаў, каб ваш дом апынуўся ў двары гэтага вышыннага дома. Абавязкова трэба канфлікт нейкі ўчыніць”.

У Менску, паводле слоў кіраўніка дзяржавы, „дастукаліся да таго: пачалі пілаваць векавыя дрэвы замест таго, каб пакласці недзе пад дарогай, як звычайна, камунікацыі”. „Гэта вуліца дзесьці ў раёне Мінскага трактарнага завода, паказвалі таксама СМІ”, — сказаў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, ён даручыў сваёй Службе бяспекі высветліць акалічнасці гэтага пытання, і было атрымана нечаканае тлумачэнне таго, што адбываецца. „Адказ (начальнікі мінскія, можа быць, і Шорац там за імі стаіць): прэзідэнт на Менскі трактарны завод ездзіць не па гэтай вуліцы, а па іншай, гэтую вуліцу нельга чапаць — Служба бяспекі забараніла. Слухайце, я на Мінскім трактарным заводзе бываю адзін раз у два-тры гады, а то і ў пяць. Прычым тая вуліца за кіламетр-два ад Менскага трактарнага завода? Я і бачыць яе ніколі не бачыў! Вы што, мяне спецыяльна перад насельніцтвам падставіць хочаце?” — абурыўся Лукашэнка.

„І потым, вы саджалі гэтыя дрэвы, каб іх пілаваць? Кожны чалавек імкнецца выйсці, каб настрой у яго быў, на дрэвы гэтыя паглядзець. Не, усё пілуем. Мы, маўляў, новыя пасадзім недзе. Гэта вы ў сябе ў двары спілуйце векавое дрэва і пасадзіце там дрэва з кукіш, і якая будзе ад гэтага карысць… Трэба спыніць гэты разбой! Ці бачыце, дрэва ўпадзе на дарогу. Ну, упадзе, прыбярэм. Калі зыходзіць з гэтага, трэба выпілаваць усе паркі ў гарадах”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

„Я прашу тое, што цяпер пазначыў, мець як вельмі жорсткае ўказанне да вашай працы, — падкрэсліў Лукашэнка. — Паўтарэння больш не будзе. На людзей трэба трошкі звяртаць увагу. А то хутка адзервянеем, як у асобных нашых суседзяў: улада сама па сабе, а людзі самі па сабе”.

На працягу наступнага года ён даручыў навесці ў краіне ідэальны парадак, паведамляе прэс-служба. „Я ўжо сказаў пра тое, што ў наступным годзе мы прыкладзем максімум намаганняў для таго, каб краіну прывесці ў парадак. І не толькі таму, што гэта апошні год перад Еўрапейскай Алімпіядай у Беларусі. У 2019-м прыедуць прадстаўнікі ўсяго свету паглядзець на Беларусь. Што мы ім пакажам? Пачынаючы ад дарог, мастоў, развязак, а гэта твар краіны, прылеглых да дарог палёў, гарадоў і вёсак, пра якія мы будзем сёння весці гаворку, і заканчваючы пасяўнымі плошчамі — усё павінна быць у ідэальным стане”, — запатрабаваў Лукашэнка.

belapan.com