Лукашэнка павіншаваў ААЭ з Днём утварэння федэрацыі



Аляксандр Лукашэнка ад імя беларускага народа і сябе асабіста павіншаваў прэзідэнта Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў Халіфу бен Заіда аль-Нахаяна і народ гэтай краіны з нацыянальным святам — Днём утварэння федэрацыі, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на прэс-службу беларускага лідара.

ААЭ з’яўляюцца для Беларусі добрым сябрам і надзейным партнёрам у рэгіёне Блізкага Усходу, — адзначыў кіраўнік дзяржавы. — цэнім дасягнуты ўзровень развіцця супрацоўніцтва з вашай краінай у палітычнай, гандлёва-эканамічнай, гуманітарнай і іншых галінах. Аляксандр Лукашэнка выказаў упэўненасць, што сумеснымі намаганнямі ўдасца падняць беларуска-эмірацкія адносіны на яшчэ больш высокі ўзровень.

Гэтай восенню кіраўнік Беларусі у чарговы раз наведваў Арабскія эміраты з рабочым візітам. За апошнія гады Аляксандр Лукашэнка бываў у гэтай блізкаўсходняй краіне не аднойчы і, як правіла, сумяшчаў там працу з адпачынкам. Яго візіты прыпадалі на канец кастрычніка — пачатак лістапада, калі ў школьнікаў канікулы. У 2014 і 2016 гадах у паездках яго суправаджалі малодшы сын Мікалай Лукашэнка, а таксама старэйшы сын Віктар Лукашэнка.

І ў гэты раз кіраўнік Беларусі, «улічваючы сяброўскі характар узаемаадносін», атрымаў ад кіраўніцтва ААЭ запрашэнне «традыцыйна некалькі дзён пагасцяваць» у эміратах, паведамляла прэс-служба кіраўніка Беларусі.