Лукашэнка павіншаваў Штайнмаера з выбраннем прэзідэнтам ФРГ



Аляксандр Лукашэнка павіншаваў Франка-Вальтэра Штайнмаера з выбраннем на пасаду прэзідэнта Федэратыўнай Рэспублікі Германія.

„Перакананы, што вашы дзелавыя і асабістыя якасці, багаты прафесійны вопыт, удумлівы і канструктыўны падыход будуць спрыяць плённай працы на вышэйшай дзяржаўнай пасадзе Германіі”, — цытуе Лукашэнку прэс-служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі высока цэняць асабісты ўнёсак Штайнмаера у пашырэнне беларуска-германскага супрацоўніцтва і падтрымку працэсу нармалізацыі адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам. „Спадзяюся на далейшае развіццё ўзаемадзеяння паміж нашымі краінамі”, — дадаў Лукашэнка.

Былы міністр замежных спраў Германіі 61-гадовы Франк-Вальтэр Штайнмаер абраны прэзідэнтам ФРГ 12 лютага Федэральным сходам. Ужо ў першым туры ён атрымаў 931 голас з 1.260.

Усяго ў выбарах узялі ўдзел пяць кандыдатаў. Штайнмаер быў вылучаны Сацыял-дэмакратычнай партыяй. Падчас галасавання былога кіраўніка МЗС таксама падтрымалі Хрысціянска-дэмакратычны саюз і Хрысціянска-сацыяльны саюз.

belapan.by