Лукашэнка павязе Пуціну праект Канстытуцыі



Аляксандр Лукашэнка павязе Пуціну праект Канстытуцыі. Такога меркавання прытрымліваецца палітычны аналітык Валерый Карбалевіч.

Яно прагучала ў нашым эфіры. Запланавана, што Пуцін і Лукашэнка сустрэнуцца ўжо 5-ы раз у гэтым годзе. Кіраўнік Беларусі спадзяецца атрымаць у Маскве падтрымку сваіх канстытуцыйных рэформаў у Беларусі, заўважае аналітык:

– Мая версія, што Лукашэнка павязе да Пуціна праект беларускай Канстытуцыі. Павязе на ацэнкі Пуціна і гэтак далей, таму што з гэтай Канстытуцыяй з’явілася вельмі дзіўная сітуацыя. І запуск гэтага працэсу ўвесь час зацягваецца, і нічога не чуваць пра гэтую Канстытуцыю, прычын таго, чаму адбываецца затрымка. У мяне версія, што Лукашэнка хоча спачатку атрымаць падтрымку Пуціна, і толькі потым запускаць.

З гэтым не пагаджаецца палітычны аналітык Павел Усаў, які кажа, што Пуціну нецікавая Канстытуцыя, паколькі ён лічыць, што Беларусь ужо «ў яго кішэні».

Затрымка з Канстытуцыяй больш звязана з тым, што яна не патрэбная зараз у палітычным плане Аляксандру Лукашэнку, падкрэслівае Павел Усаў:

– Не думаю, што дзеля гэтага Пуцін перастане займацца сваімі справамі, каб заняцца гэтымі дробязямі – лукашэнкаўскай  Канстытуцыяй. Проста на гэты момант праект Канстытуцыі, нават назваць гэта праектам Канстытуцыі язык не паварочваецца, – няма патрэбы насамрэч у дыктатара. Трэба разумець, калі ўвогуле гэтая рыторыка з’явілася, канстытуцыйная, рэфарматарская. Яна з’явілася на піку палітычнага крызісу.

Як вынікае з паведамленняў афіцыйных СМІ, Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка 9 верасня абмяркуюць саюзныя праграмы, падрыхтаваныя ўрадамі дзвюх краін, а таксама іншыя актуальныя пытанні двухбаковага парадку дня і міжнародную праблематыку.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя