Лукашэнка просіць Кітай пра дапамогу ад санкцый



Аляксандр Лукашэнка 14 сакавіка сустрэўся з паслом Кітая ў Беларусі Се Ся-ою-нам. Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка беларускага рэжыму.

„У сувязі з тымі падзеямі, якія складваюцца ў нашым рэгіёне, нам варта коратка абмеркаваць гэтую сітуацыю і намеціць дадатковыя шляхі супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Ён падкрэсліў, што Кітай у гэтай сітуацыі не павінен несці нейкай адказнасці або нешта страчваць.

Напярэдадні Financial Times паведаміў, што Расея просіць Кітай пра вайсковую дапамогу. Праўда, пасольства Кітая ў Вашынгтоне заявіла, што яму нічога не вядома аб просьбе Расеі.

У той жа час Злучаныя Штаты паведамілі Пекіну, што “не будуць стаяць убаку і не дазволяць якой-небудзь дзяржаве кампенсаваць Расеі страты ад эканамічных санкцый”, – піша BBC.