Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў дзевяці дзяржаў



 Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы паслоў дзевяці краін.

20 траўня ў Палацы Незалежнасці даверчыя граматы беларускаму кіраўніку ўручылі дыпламаты з Беніна, Бразіліі, Даніі, Емена, Іспаніі, Мальты, Рэспублікі Карэя, Славеніі, Уганды, паведамляе прэс-служба прэзідэнта.

Прымаючы даверчыя граматы пасла Даніі, Лукашэнка канстатаваў, што гэтая краіна з’яўляецца перспектыўным партнёрам для Беларусі, з якім яна мае намер развіваць больш прадуктыўнае супрацоўніцтва. „Агульная для нашых краін задача — падтрыманне міру і стабільнасці ў Еўрапейскім рэгіёне. Нам важны дыялог з дацкім бокам па гэтых і іншых пытаннях двухбаковага парадку дня, а таксама развіццё кантактаў у галіне гандлю, інвестыцый і энергаэфектыўнасці”, — сказаў афіцыйны беларускі лідар.

Размаўляючы з паслом Іспаніі, Лукашэнка адзначыў, што ў Беларусі надаюць вялікае значэнне ўмацаванню супрацоўніцтва з гэтай краінай. Гэта пацвярджае прызначэнне ў лютым першага пасла Беларусі ў Мадрыдзе, адзначыў ён. „Упэўнены, аналагічныя крокі з іспанскага боку па адкрыцці паўнавартаснага дыпламатычнага прадстаўніцтва ў Мінску ўмацавалі б адносіны паміж нашымі краінамі”, — заявіў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка лічыць, што Беларусь здольная прыкметна прасунуцца ва ўзаемадзеянні з Мальтай, якая, адносна невялікая па тэрыторыі і колькасці насельніцтва, адыгрывае вельмі важную ролю ў Еўрапейскім саюзе. „Упэўнены, што нашы краіны маглі б знайсці нямала пунктаў перасячэння інтарэсаў, узмацніць палітычныя і дзелавыя сувязі, рэалізаваць сумесныя праекты, у тым ліку з выхадам на рынкі іншых краін”, — канстатаваў ён.

Паводле слоў Лукашэнкі, за апошнія гады Беларусі і Славеніі ўдалося стварыць салідную базу для развіцця і пашырэння ўзаемнага супрацоўніцтва, сувязяў. Гэтая дзяржава неаднаразова на справе даказвала, што з’яўляецца сябрам Беларусі, падкрэсліў ён, выказаўшы ўдзячнасць за падтрымку імкнення Беларусі да нармалізацыі адносін з Еўрапейскім саюзам. „Стабільна інтэнсіўны і эфектыўны характар маюць кантакты беларускіх і славенскіх бізнесменаў. Нашы дзелавыя колы гатовыя да новых сумесных праектаў у энергетыцы, фармацэўтыцы, сельскай гаспадарцы, будаўніцтве і іншых сферах”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка канстатаваў, што развіццё супрацоўніцтва з Бразіліяй застаецца адным з прыярытэтаў Беларусі ў Лацінаамерыканскім рэгіёне. У фокусе двухбаковых адносін — умацаванне палітычнага дыялогу, нарошчванне тавараабароту, стварэнне сумесных вытворчасцей, заявіў ён. „Разлічваем, што праца пасла будзе садзейнічаць вываду беларуска-бразільскіх адносін на якасна новы ўзровень, які адпавядае патэнцыялу нашых дзяржаў”, — сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што „Емен традыцыйна уваходзіў у лік асноўных партнёраў Беларусі ў арабскім свеце”. „На жаль, кантакты паміж нашымі краінамі былі замарожаныя з-з рэзкага пагаршэння ваенна-палітычнай сітуацыі”, — дадаў Лукашэнка. Ён падкрэсліў, што для больш хуткага аднаўлення Емена і вяртання гэтай дзяржавы да мірнага рытму Беларусь гатовая аказваць дапамогу, забяспечыўшы пастаўкі ўсяго, што вырабляецца ў нашай краіне.

Беларусь адкрытая для далейшага паглыблення ўзаемавыгадных сувязяў з Рэспублікай Карэя, асабліва ў інавацыйных сферах, сказаў Лукашэнка, прымаючы даверчыя граматы карэйскага пасла. „Мы запрашаем карэйскіх інвестараў для рэалізацыі сваіх высокатэхналагічных рашэнняў у Беларусі і ўмацавання супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і турызму”, — заявіў ён.

Бенін ў рэгіёне Заходняй Афрыкі Беларусь разглядае ў якасці перспектыўнага гандлёва-эканамічнага партнёра, заявіў Лукашэнка падчас размовы з паслом гэтай краіны. „Інтарэсам нашых краін адпавядае больш інтэнсіўнае развіццё супрацоўніцтва і забеспячэнне стабільнага росту эканомікі. Беларусь гатовая прапанаваць вашай краіне шырокую гаму тэхнікі, спажывецкіх тавараў і харчавання, а таксама адукацыйныя паслугі. Чакаем ад бенінскага боку сустрэчных ініцыятыў для сумеснай рэалізацыі”, — сказаў ён.

Лукашэнка пацвердзіў цікавасць Беларусі да развіцця ўзаемадзеяння з Угандай. Перспектыўным з’яўляецца наладжванне ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, найперш у частцы паставак беларускай складанатэхнічнай прадукцыі, якая добра зарэкамендавала сябе на афрыканскім рынку, а таксама стварэння сумесных зборачных вытворчасцей, лічыць ён. „Разлічваем на спрыянне новага пасла ў рэалізацыі праектаў у іншых сферах узаемнай цікавасці, у прыватнасці па падрыхтоўцы ў Беларусі кваліфікаваных кадраў для Уганды, супрацоўніцтве ў галіне сельскай гаспадаркі, аховы здароўя, абароны, культуры”, — адзначыў ён.

belapan.by