Лукашэнка прызначыў новага генеральнага пракурора



Андрэй Швед, які да гэтага часу ўзначальваў Дзяржаўны камітэт судовых экспертыз, прызначаны генеральным пракурорам Беларусі, піша БелТА.

«Напэўна, гэта натуральны працэс (кадравыя прызначэнні) пасля выбараў. Як у любой дзяржаве. Асноўны касцяк, ва ўрадзе асабліва, мы сфармавалі да выбараў, каб людзі бачылі, з кім прэзідэнт плануе працаваць пасля выбараў. Ну і натуральна, як гэта прынята казаць, пэўная даводка заўсёды існуе пасля выбараў», – адзначыў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што Аляксандр Канюк працаваў на пасадзе генеральнага пракурора 9 гадоў. «Больш таго, чалавек надзейны, дзяржаўны, чалавек ваенны, прайшоў Афганістан, мы гэта ведаем. Ведае замежныя мовы. У яго ёсць жаданне папрацаваць на дыпламатычнай службе. Я не пярэчу супраць такога жадання. Трэба звязацца з міністрам замежных спраў і папрасіць яго падрыхтаваць свае прапановы», – сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Хто такі Андрэй Швед?

Нарадзіўся ў 1973 годзе ў Лельчыцкім раёне. Скончыў юрфак БДУ (1996). Працаваў у пракуратуры Мінска (1996-1998), генеральнай пракуратуры (1998-2006). Быў начальнікам экспертна-прававога аддзела Рады бяспекі. У 2010-2011 — намеснік генеральнага пракурора. Пасля быў намеснікам старшыні ў наваствораным Следчым камітэце. Ад 2013 года быў першым кіраўніком Камітэта судовых экспертыз.

Андрэй Швед быў кіраўніком аператыўнай следчай групы па расследаванню тэракта ў метро 2011 года.

nashaniva.by