Лукашэнка прызначыў Сівака кіраўніком Менгарвыканкама



Аляксандр Лукашэнка 24 лістапада прызначыў Анатоля Сівака, які да гэтага працаваў міністрам транспарту і камунікацый, старшынёй Менгарвыканкама і анансаваў хуткую сустрэчу з актывам кіраўніцтва сталіцы.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Сівак мусіць у сціслыя тэрміны ўвайсці ў курс справы, разабрацца з кадравымі пытаннямі. „Калі не ў горадзе, то ў самім гарвыканкаме. Праз тры тыдні падрыхтуйце маё наведванне актыву горада ў гарвыканкаме: дэпутаты, кіраўніцтва — усе тыя, хто вызначаюць аблічча горада, жыццё ў сталіцы Беларусі, — сказаў Лукашэнка. — Мне трэба сур’ёзна пагаварыць з апаратам, з выканкамам. У мяне вельмі шмат прэтэнзій і вельмі шмат пытанняў не толькі да былога кіраўніцтва на чале з Шорцам, але і да саміх членаў выканкаму — работнікаў апарату”.

Гаворачы аб прызначэнні Сівака, Лукашэнка адзначыў, што разглядаліся больш за дзясятак кандыдатур на пасаду новага кіраўніка горада. „І гэта не сёння вырашаецца пытанне, яно ўжо даўно паўстала”, — падкрэсліў беларускі кіраўнік.

Паводле яго слоў, адным з вырашальных фактараў у выбары менавіта гэтай кандыдатуры стала тое, што Сівак раней эфектыўна працаваў на пасадзе памочніка прэзідэнта — галоўнага інспектара па Менску. „Павінен сказаць — быў эфектыўным памочнікам, інспектарам па кадрах з усіх тых, якія працавалі пасля яго і перад ім. Гэта, напэўна, асноўны матыў і фактар”, — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў тое, што Сівак нядрэнна ведае Менск і кадры, якія працуюць у горадзе. „І што яшчэ імпануе асабіста мне — гэта высокая адказнасць за даручаную справу. Таму я вельмі спадзяюся, што вось гэтае пачуццё высокай адказнасці за даручаную справу, спраўнасць, чаго нам вельмі не хапае на ўсіх узроўнях (мы ўчора пра гэта казалі), нікуды не знікнуць, і Менск набудзе добрага гаспадара”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка звярнуў увагу, што у 2019 годзе Беларусь будзе прымаць II Еўрапейскія гульні, а таму Менск трэба падрыхтаваць да гэтага міжнароднага спартыўнага форуму, зрабіць яго ўтульным і прывабным для гасцей, каб яны і ў далейшым прыязджалі ў якасці турыстаў.

„Але самае галоўнае: ва ўсёй вертыкалі ўлады экзамен — парламенцкія і прэзідэнцкія выбары. Я гэта ніколі не ўтойваў і не ўтойваю. Гэта экзамен, які мы ўсе будзем здаваць. Мы не будзем націскаць на народ і прасоўваць нейкую адну кандыдатуру. Мы павінны падысці да выбараў так, каб у розумах людзей нават не было альтэрнатывы”, — сказаў Лукашэнка.

Пры гэтым ён адзначыў, што, натуральна, будуць альтэрнатыўныя кандыдаты ў дэпутаты і прэзідэнты. „Але яны (народ Беларусі. — заўв.) пры ўсіх недахопах улады павінны разумець і ацаніць уладу станоўча”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Што да Андрэя Шорца, які кіраваў Мінгарвыканкамам на працягу апошніх гадоў, Лукашэнка прыняў рашэнне аб яго пераводзе на іншую працу. „Дабавіць так, як гэта трэба, ён не здольны. Я гэта адчуваю. Таму мной прынятае рашэнне аб пераводзе яго на іншую працу”, — растлумачыў ён.

Шорац быў прызначаны на пасаду кіраўніка Мtнгарвыканкама ў лістападзе 2014 года, да гэтага працаваў міністрам жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

Напярэдадні Лукашэнка выступіў на семінары-нарадзе аб павышэнні эфектыўнасці будаўнічага комплексу, у прыватнасці казаў пра тое, як у Мінску скупляюць і перапрадаюць кватэры для малазабяспечаных і шматдзетных. Кіраўнік дзяржавы загадаў адправіць „усіх ў следчы ізалятар”, „разабрацца з усімі” і „вярнуць грошы народу”. Пры гэтым заявіў: „Заўтра паглядзім, што рабіць з Шорцам”.

Анатоль Сівак нарадзіўся ў 1962 годзе ў в. Завойць Нараўлянскага раёна Гомельскай вобласці. У 1986 годзе скончыў Беларускі інстытут інжынераў чыгуначнага транспарту. У 1998-м — Акадэмію кіравання пры прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. У 2002 годзе быў прызначаны галоўным інжынерам будаўніча-мантажнага рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства „Дарбудмантажтрэст” Беларускай чыгункі. У перыяд з 2002 па 2006 гады працаваў намеснікам начальніка Беларускай чыгункі.

З 4 жніўня 2006 года да 4 чэрвеня 2009-га — памочнік прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — галоўны інспектар па Менску.

5 чэрвеня 2009 года ўказам прэзідэнта прызначаны на пасаду начальніка Беларускай чыгункі.

31 ліпеня 2012 года прызначаны міністрам транспарту і камунікацый.

belapan.by