Лукашэнка прызнаў, што ён, „магчыма, крыху пераседзеў”



Аляксандр Лукашэнка 8 верасня падчас інтэрв’ю расейскім СМІ выказаўся пра прычыны пратэстаў, якія адбываюцца ў Беларусі, паведаміў у эфіры праграмы „60 хвілін” на тэлеканале „Россия 1” вядучы праграмы „Весці” Яўген Ражкоў, які ўдзельнічаў у інтэрв’ю.

Акрамя прадстаўніка „России 1” у інтэрв’ю ўдзельнічалі галоўны рэдактар міжнароднага тэлеканала Russia Today Маргарыта Сіманьян, карэспандэнт „Первого канала” Антон Вярніцкі і галоўны рэдактар радыёстанцыі „Говорит Москва” Раман Бабаян.

„Натуральна, былі пытанні пра тое, што адбываецца цяпер, — вось гэтыя пратэсты, якія зараз крыху сцішыліся, але не спыняюцца і ў Менску, і па ўсёй Беларусі, — сказаў Ражкоў. — Мы запыталі, хто ў гэтым зацікаўлены, з боку каго, уласна кажучы, ён чакаў і чакае падвоху. З аднаго боку, вядома, паводле яго слоў, гэта знешнія прычыны. За ўсім, як ён лічыць, стаяць перш за ўсё амерыканцы, а дзейнічаюць яны праз цэнтры ў Польшчы і Чэхіі”.

Аднак, паводле слоў журналіста, Лукашэнка прызнаў і наяўнасць унутраных прычын пратэстаў. „Я спытаў, няўжо толькі знешнія прычыны сталі прычынай вось гэтых незадаволенасцяў, — расказаў вядучы „Вестак”. — Ён сказаў, што не, ёсць і ўнутраныя прычыны. І адказаў ён наступнае (гляджу, каб не памыліцца, таму што гэта цытата), ён сказаў: „Так, магчыма, я крыху пераседзеў. Магчыма, мяне паказваюць не толькі з тэлевізара, але з праса, з чайніка. Так, але сапраўды толькі я цяпер магу абараніць беларусаў”. Ну а другая прычына ўнутраная, якую ён лічыць [прычынай пратэстаў], гэта тое, што ў Беларусі выраслі два новыя пакаленні, сфармаваўся невялікі клас буржуяў — „буржуйчыкаў”, як ён сказаў. І гэта сапраўды прывяло да незадаволенасці, яны хочуць улады”.

Ражкоў сказаў, што Лукашэнка таксама задалі пытанне аб збіваннях у першыя дні пратэстаў, у тым ліку журналістаў. „Ён сказаў, што гэта былі першыя гарачыя эмоцыі таго часу. Амапаўцаў нельга тут папракаць, паводле яго слоў, таму што яны абаранілі краіну ад „бліцкрыгу” і сапраўды тады адстаялі краіну. Гэта яго праўдзівае меркаванне. Ну а пераборы былі, і ён з усімі будзе разбірацца, ён нам гэта абяцаў. Асабліва з тымі выпадкамі збівання журналістаў, у тым ліку і расейскіх”, — адзначыў прадстаўнік тэлеканала „Россия 1”.

belapan.by