Лукашэнка-Пуціну: Мы ніколі адзін аднаму надакучыць не зможам



Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходнай далейшую працу па вырашэнні праблемных пытанняў у беларуска-расейскім парадку дня. Пра гэта ён заявіў 29 снежня на перамовах у Крамлі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.

Беларускі кіраўнік падзякаваў расейскаму лідару за запрашэнне напярэдадні Новага года. „Я пажартаваў, што надакучылі адзін аднаму. Напэўна, ніколі адзін аднаму надакучыць не зможам, таму што ёсць пытанні, якія трэба абмяркоўваць. Гэта наша праца. Сапраўды, мы ў мінулы раз дамовіліся, што сур’ёзна пагаворым аб далейшым нашым суіснаванні ў гэтым цяжкім тленным свеце. Нікуды ад гэтага не сысці і не дзецца, таму што многія праблемы трэба вырашаць на перспектыву”, — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што пасля сустрэчы 25 снежня бакі працавалі над пытаннямі, якія датычацца стваранай двухбаковай групы і тых тэм, якія неабходна разгледзець, каб яны не стаялі перашкодай на шляху інтэграцыі. „Мы такую групу гэтак жа, як і вы, сфарміравалі. Зрабілі такім жа чынам, як і вы, па складзе і кіраўніцтве групы. Думаю, што пасля калядных свят мы гатовыя, як і расіяне, працаваць. Тым больш пытанні ўсе прапісаныя ў саюзным дагаворы, і мы пералічвалі іх у мінулы раз. Добра, што мы нарэшце падышлі да вырашэння гэтых пытанняў”, — сказаў Лукашэнка.

Уладзімір Пуцін у пачатку сустрэчы таксама адзначыў, што гэта ўжо другая сустрэча з Аляксандрам Лукашэнкам за кароткі прамежак часу. „Як мы і дамаўляліся, мы ствараем рабочую групу па далейшым развіцці нашых сувязяў у сферы эканомікі, па іншых кірунках. І па вашай прапанове папрацуем над кірункам развіцця нашых планаў у будаўніцтве Саюзнай дзяржавы. Прапаноўваю сёння якраз пагаварыць на гэту тэму, — сказаў прэзідэнт Расіі. — Зверым гадзіннікі з нагоды таго, як працягваецца праца па тых кірунках, па якіх мы дамовіліся актывізаваць працу на мінулай сустрэчы”.

Кіраўнікі дзяржаў павіншавалі адзін аднаго з надыходам Новага года. „Хачу павіншаваць вас, вашых родных і блізкіх з Новым годам, расіян — нашых братоў — з гэтым самым жаданым святам”, — сказаў Лукашэнка.

Пуцін у сваю чаргу таксама павіншаваў кіраўніка беларускай дзяржавы і грамадзян краіны, пажадаўшы шчасця і ўдачы ў новым годзе.

Беларускі кіраўнік другі раз на гэтым тыдні прыязджае ў Крэмль. Апошняя яго сустрэча з Пуціным адбылася 25 снежня і доўжылася чатыры гадзіны. Прэзідэнты дамовіліся стварыць рабочую групу па вырашэнні праблемных пытанняў.

Напярэдадні той сустрэчы абодва бакі выступілі з жорсткімі заявамі. Лукашэнка, у прыватнасці, сабраў нараду па актуальных пытаннях узаемадзеяння з РФ, дзе паведаміў, што на працягу трох гадоў з-за падатковага манеўру беларускі бюджэт страціў амаль 4,5 млрд долараў, а да 2024 года панясе страт яшчэ на 10,5 млрд. Беларускі кіраўнік выказаў здзіўленне, чаму спыніліся перамовы аб кампенсацыі гэтых страт.

У сваю чаргу расейскія чыноўнікі заявілі, што нічога Мінску не абяцалі, а памер падтрымкі залежыць ад ступені інтэграцыі дзвюх краін. Акрамя таго, неназваны прадстаўнік урада РФ абвінаваціў Лукашэнку ва ўтрыманскіх настроях. Масква нагадала Менску пра невыкананне апошнім шэрагу палажэнняў Дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года.

belapan.by

Фота president.gov.by