Лукашэнка – Пуціну: Спакойна нам жыць ніхто не дасць



Сустрэча Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі 3 красавіка ў Стрэльні пад Санкт-Пецярбургам пачалася з абмеркавання выбуху ў пецярбургскім метро.

У пачатку перамоваў Лукашэнка выказаў Пуціну свае спачуванні. Ён адзначыў, што бяспека стане адной з галоўных тэм сённяшняй сустрэчы. „Мы будзем казаць пра тое, як у гэтым свеце нам жыць далей, як абараніць інтарэсы сваіх людзей”, — цытуе Лукашэнку дзяржаўнае агенцтва БелТА.

„Спакойна нам жыць ніхто не дасць, на жаль, таму трэба быць гатовымі да ўсяго. Выклікаў у свеце вялікая колькасць. Мы не ў ізаляваным свеце жывём. Мы гэта з вамі разумеем”, — сказаў Лукашэнка.

„А тое, што праблемы ў адносінах, — яны будуць заўсёды, — дадаў ён. — Але, ведаеце, на фоне такіх падзей гэтыя праблемы проста цьмянеюць. Мы такія праблемы здольныя вырашаць хутка і эфектыўна. Дай бог, каб было ціха, спакойна і каб мы маглі гарантаваць бяспеку нашых народаў”.

Пуцін са свайго боку нагадаў, што сёлета Беларусь і Расея адзначаць 25-годдзе з моманту ўсталявання дыпламатычных адносін. „У нас ёсць сёння магчымасць пагаварыць пра тое, што зроблена за ўсе гэтыя гады ў плане пашырэння двухбаковай супрацы, што трэба будзе зрабіць, дзе ў нас пакуль ёсць нявырашаныя пытанні, нейкія праблемы”, — сказаў ён.

Паводле БелаПАН

Фота inosmi.ru