Іосіф Сярэдзіч: Сустрэча была вочы ў вочы (абноўлена)



Аляксандр Лукашэнка 13 лютага правёў сустрэчу з галоўным рэдактарам газеты „Народная воля” Іосіфам Сярэдзічам. Сустрэча прайшла ў Палацы Незалежнасці. Іосіф Сярэдзіч падчас “Вялікай размовы” папрасіў у Аляксандра Лукашэнкі асабістую сустрэчу, і яна адбылася. Сярэдзіч у нашым прамым эфіры адказаў на пытанні журналіста Радыё Рацыя.

РР: Вашыя першыя ўражанні і адчуванні. Вы выйшлі ад прэзідэнта і што сабе падумалі? Ці патрэбная была вам гэтая сустрэча?

Іосіф Сярэдзіч: Я ў першую чаргу падумаў, што яна патрэбная была як мне, так і прэзідэнту. І вось у заўтрашнім лісце, які я друкую ў “Народнай Волі”, я менавіта падкрэсліваю гэтую акалічнасць. Таму што гэта была не проста сустрэча, што я пайшоў з працягнутай рукой нешта прасіць. Гэта сустрэча дыялог. Гэта абмен думкамі прэзідэнта і мяне, проста як грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, але які таксама нясе адказнасць за лёс нашай краіны, за лёс нашай нацыі, за лёс народа, за нашую будучыню. Таму, у прынцыпе, у мяне станоўчыя ўражанні.

РР: Якія тэмы пераважна вы закраналі?

Іосіф Сярэдзіч:  Я вам скажу, што, па-першае, ёсць жа тэмы, якія хвалююць не асабіста рэдактара “Народнай Волі”, і не толькі аднаго прэзідэнта, а якія хвалююць увесь наш народ, у першую чаргу: перад якімі выпрабаваннямі, якімі цяжкасцямі мы апынуліся. Вы ведаеце, тут і эканамічныя праблемы, і палітычныя, і сацыяльныя, і іншыя. І як нам пераадолець гэтую паласу, якая перад намі з’явілася. Яна не толькі што нечакана з’явілася, гэта як вынік і суб’ектыўных, і аб’ектыўных прычын, і вынік не падзеяў аднаго дня. Але якім чынам нам вытрымаць гэтае чарговае выпрабаванне з мінімальнымі стратамі. Я маю на ўвазе без грамадзянскіх канфліктаў, без калатнечы, без таго, што зямля можа палыхнуць. З захаваннем самага найсвяцейшага для нас – незалежнасці. Як нам, беларусам, выйсці з гэтай сітуацыі. На конт гэтага, я думаю, палова размовы была.

РР: СМІ падаюць розныя падрабязнасці, што вельмі шмат тэмаў вы закранулі, я звярнуў увагу, напрыклад, што Аляксандр Лукашэнка паабяцаў вярнуць у шапікі рэгіянальныя незалежныя газеты.

Іосіф Сярэдзіч: Так. Я вам скажу, што толькі, напрыклад, калі я наведаўся да Аляксандра Рыгоравіча па даручэнні нашых малодных калег, я маю на ўвазе журналістаў рэгіянальных газет, і прынёс ім такую станоўчую навіну, то ўжо карысць ад сустрэчы была б відавочная. Ён мне адкрытым тэкстам сказаў. Я паказаў гэты спіс, а які там спіс, там восемь ці дзевяць рэгіянальных газет, якіх сёння заціскаюць мясцовыя чыноўнікі. Некага не пускаюць у шапікі, другіх не пускаюць у падпісныя каталогі, у трэціх ёсць яшчэ праблемы з друкам. І я на такім чыста жыцейскім узроўні сказаў: што здарыцца, калі, напрыклад, тая ж “Слонімская газета” будзе мець доступ і ў тыя ж шапікі, і ў падпісныя каталогі? Ну падымецца яе тыраж, вядома, пачне яна больш актыўна канкураваць з мясцовай дзяржаўнай газетай. Дык і дзяржаўная газета ад гэтага выйграе. Толькі ў канкурэнцыі можна сёння мець станоўчы плён. І ён мяне зразумеў і адразу сказаў: можаш сёння данесці да сваіх калег, што гэтая праблема вырашана.

РР: Спадар Іосіф, таксама раскажыце, ці вы сам насам сустракаліся, ці былі нейкія пасярэднікі?

Іосіф Сярэдзіч:  Размова была з вока на вока. Я вось і ў заўтрашнім нумары сваёй нататцы даю назву “З вока на вока”.

РР: І такім чынам запрашаем заўтра чытаць вашу газету.

Іосіф Сярэдзіч:  Абавязкова. Я дзялюся ўражаннямі і больш канкрэтна расказваю пра некаторыя рэчы.

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя

***

Сустрэча галоўнага рэдактара недзяржаўнай газеты „Народная воля” Іосіфа Сярэдзіча з Аляксандрам Лукашэнкам 13 лютага доўжылася адну гадзіну і сорак хвілін. Гэта сведчыць пра поўны давер суразмоўцаў адзін да аднаго, лічыць Сярэдзіч.

«Калі размова доўжылася адну гадзіну і сорак хвілін, дык, мабыць, гэта сведчыць пра поўны давер суразмоўцаў адзін аднаму. Таму што калі б прэзідэнту нецікава было гутарыць са мной, ён бы адчыніў дзверы. Тым больш, там яго сакратары ўжо дзесяць разоў і адчынялі, бо думалі першапачаткова, што мы ўкладземся ў 30 хвілін. Потым праходзіць гадзіна, потым праходзіць паўтары гадзіны, і я ўжо сам пашкадаваў: нельга ж быць такім нахабнікам, каб душыць прэзідэнта пяць гадзін запар», — расказаў Сярэдзіч. Паводле яго слоў, на сустрэчы абмяркоўваўся шэраг пытанняў. «Першае, вы ведаеце, што ўсе мы стаім перад самым галоўным выпрабаваннем — здолее краіна наша ўтрымацца на плыву найбліжэйшым часам ці будуць нейкія ўзрушэнні? Дык вось, як сысці ад гэтых узрушэнняў? Я ставіў пытанні, вядома, перад уладай, перад прэзідэнтам. Ён мне тлумачыў. У той жа час у мяне сваё меркаванне было, якім я падзяліўся па гэтым пытанні», — адзначыў галоўны рэдактар „Народнай волі”.

Агульны пасыл, паведаміў Сярэдзіч, быў адзін — нельга давесці сітуацыю „да нейкага абсурду, да крытычнага выбуху”. „Ні вайна, ні нейкі крывавы, умоўна кажучы, майдан не вырашаць усіх гэтых пытанняў. Вырашыць усе гэтыя пытанні толькі само грамадства, сама Беларусь, калі, магчыма, сядзе за круглы стол. Пра гэта вялі размову”, — сказаў Сярэдзіч.

«Не выключана, што мы набліжаемся дзесьці да агульнанацыянальнага дыялогу за круглым сталом, — дадаў ён. — Я выказаў у гэтым плане канкрэтна свае пазіцыі, свае погляды. І пачуў меркаванне прэзідэнта. Прынамсі, мая прапанова наконт агульнанацыянальнага круглага стала не была адхіленая».

Паводле слоў Сярэдзіча, прэтэнзіі, якія Лукашэнка выстаўляў „Народнай волі” 3 лютага падчас „Вялікай размовы з прэзідэнтам”, абмяркоўваліся „ўскосна”.

„Мы ж казалі аб працы журналістаў і нашага калектыву, — адзначыў Сярэдзіч. — Па-першае, я павінен узрадаваць многіх нашых калегаў з недзяржаўных газет, што прэзідэнт сказаў: „Можаш ісці сёння і заявіць, што гэтыя пытанні ўжо знятыя”. Я маю на ўвазе, што шэраг рэгіянальных газет нашых не маюць доступу або да кіёскаў, або да друкарні, або да падпісных каталогаў. Дык вось, ён даў гарантыю, што гэтыя пытанні больш не будуць гучаць».

На сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі грамадскасці і журналістамі 3 лютага Сярэдзіч заявіў, што ў яго ёсць шэраг пытанняў да кіраўніка дзяржавы. „Год таму на папярэдняй прэс-канферэнцыі я нагадаў вам аб нашай дамоўленасці пра асабістую сустрэчу. У мяне ёсць шэраг пытанняў дзяржаўнага гучання. Лёс „Народнай волі” мяне, вядома, хвалюе. Я не апошні чалавек у нашай краіне і маю права звярнуцца да прэзідэнта з тым, каб раз на 22 гады сам-насам пагаварыць”, — сказаў галоўны рэдактар „Народнай волі”.

Лукашэнка ў адказ запэўніў, што гатовы размаўляць з прадстаўнікамі недзяржаўных СМІ, нягледзячы на тое што яны „фальсіфікуюць факты”. У прыватнасці, сказаў прэзідэнт, у яго „закіпаюць жылы”, калі ён чытае ў „Народнай волі” праблемныя матэрыялы, а потым паводле яго даручэння гэтыя факты правяраюцца і аказваюцца недакладнымі.

„Ну навошта ты фальсіфікуеш факты, ставіш нейкіх выдуманых людзей? У гэтай вёсцы і гэтым горадзе няма такіх прозвішчаў. У мяне вось гэтая часам прэтэнзія”, — адзначыў Лукашэнка.

Ён таксама дадаў, што гатовы размаўляць з журналістамі, у першую чаргу „Народнай волі” і асабіста з Сярэдзічам, таму што яны калісьці абодва „нікім былі”.

 

 БелаПАН