Лукашэнка: У нас ёсць усё неабходнае, каб даць адпор любому агрэсару



У Беларусі ёсць усё неабходнае, каб даць адпор любому агрэсару, заявіў Аляксандр Лукашэнка, выступаючы 3 ліпеня на парадзе ў гонар Дня Незалежнасці ў Менску.

„Мы ганарымся тым, што Беларусь адбылася як незалежная дзяржава, якая праводзіць міралюбную шматвектарную знешнюю палітыку, — сказаў ён. — Наш нязменны прынцып — роўнасць усіх краін і іх неўмяшанне ва ўнутраныя справы адзін аднаго. Мы выступаем за рашэнне любых міжнародных канфліктаў выключна за сталом перамоваў „.

На жаль, адзначыў Лукашэнка, іншыя краіны не пажадалі паўтарыць гэты прыклад. Паводле яго слоў, гэта прывяло да нарастання глабальнай нестабільнасці, разбурэння міжнароднай бяспекі. „На шлях мілітарызацыі сталі краіны Еўропы. Яны ўцягваюцца ў гонку ўзбраенняў і ваенныя падрыхтоўкі. Злучаныя Штаты Амерыкі разгортваюць тут, ля нашых межаў, сістэму супрацьракетнай абароны і ўдасканальваюць свой ядзерны патэнцыял. Наш адказ — сучасная беларуская армія. Яна пастаянна мадэрнізуецца, мабільная, навучаная і ўзброеная”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што важкі ўнёсак у павышэнне боегатоўнасці Беларусі робіць айчынны абаронна-прамысловы комплекс. „У краіне паспяхова развіваецца ўласнае ракетабудавання. Можна назваць больш за сотню узораў беларускіх вырабаў ваеннага прызначэння, якія ўяўляюць сабой прынцыпова новую, інавацыйную прадукцыю. У нас ёсць усё неабходнае, каб даць адпор любому агрэсару”, — заявіў Лукашэнка.

Палітыка Беларусі, падкрэсліў ён, мае адкрыты характар. „Нам няма чаго хаваць. Разам з братняй Расіяй мы абараняем межы стваранай намі Саюзнай дзяржавы. Нашай стратэгічнай мэтай з’яўляецца далейшае развіццё адносін з дзяржавамі — членамі Арганізацыі Дагавора аб калектыўнай бяспецы. Гэта нашы надзейныя партнёры і верныя сябры”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

belapan.com