Лукашэнка ўзяў пад кантроль сітуацыю з гібеллю Коржыча
Сітуацыя, звязаная з гібеллю ў Печах салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча, знаходзіцца на жорсткім кантролі Аляксандра Лукашэнкі, заявіла журналістам прэс-сакратар прэзідэнта Наталля Эйсмант.
Паводле яе слоў, тэма гібелі салдата абмяркоўвалася 13 кастрычніка на нарадзе кіраўніка дзяржавы з прадстаўнікамі сілавых структур. „Адказным асобам даручана разабрацца ў сітуацыі самым дбайным чынам, вывучыць яе да дробязяў і прадставіць аб`ектыўны вынік, — цытуе Эйсмант дзяржаўнае агенцтва БелТА. — Аляксандру Лукашэнку літаральна па некалькі разоў на дзень дакладваецца аб ходзе аператыўных мерапрыемстваў. Паверце, пазіцыя прэзідэнта ў гэтым пытанні настолькі жорсткая, што ніхто з вінаватых адказнасці не міне”.
21-гадовы ўраджэнец Пінска Аляксандр Коржыч, прызваны на службу менш за паўгода таму, быў знойдзены 3 кастрычніка павешаным у падвальным памяшканні аднаго з будынкаў на тэрыторыі вайсковай часці. 5 кастрычніка ў якасці першапачатковай версіі трагедыі следства назвала суіцыд.
Сваякі і сябры загінулага з гэтай версіяй не пагадзіліся і абвясцілі аб гвалтоўным характары смерці. Затым у сетцы стала памнажацца інфармацыя пра росквіт дзедаўшчыны ў Печах з рознымі падрабязнасцямі, аж да выплаты салдатамі грошай за кожны дзень бяспечнага знаходжанне ў часці.
10 кастрычніка следства паведаміла аб распачынанні справы па ч. 3 арт. 443 КК (парушэнне статутных правілаў узаемаадносін паміж асобамі, на якіх распаўсюджваецца статус ваеннаслужачага, пры адсутнасці адносін падпарадкаванасці, якое мела вынікам цяжкія наступствы).
12 кастрычніка Міністэрства абароны выступіла з заявай, у якой запэўніла, што „ў выпадку выяўлення ва ўстаноўленым законам парадку асоб, вінаватых у смерці вайскоўца , яны абавязкова будуць прыцягнуты да адказнасці ў адпаведнасці з заканадаўствам”.
Сітуацыя з гібеллю Аляксандра Коржыча і іншых салдатаў тэрміновай службы ў беларускай арміі атрымала шырокі грамадскі рэзананс. На сайце zvarot.by вядзецца збор подпісаў пад патрабаваннем адстаўкі міністра абароны Беларусі Андрэя Раўкова.
