Лукашэнка: Выбачайце, нас ракам паставілі па вуглевадародах



Беларускія прадпрыемствы павінны бараніць інтарэсы ўласнай краіны, заявіў Аляксандр Лукашэнка 24 студзеня, наведваючы завод газетнай паперы ў Шклове (Магілёўская вобласць).

 

Некалькі эпізодаў яго размовы з кіраўніцтвам прадпрыемства і чыноўнікамі паказалі ў навінавым сюжэце на тэлеканале СТВ.

„Выбачайце, нас ракам паставілі па вуглевадародах, і ніхто на гэта не паглядзеў — пляваць на ўсе саюзы і іншае, — на павышаных танах заявіў Лукашэнка. — А мы дрыжым, баімся сваю краіну абараніць. Вы павінны займацца канкрэтнай справай, у вас ёсць сфера, вы ёй і займайцеся. А калі вам трэба нейкая аддушына, вы да мяне прыйдзеце і скажаце. Хопіць глядзець па баках і быць пухнатымі і белымі. У нас ёсць свае інтарэсы, свая дзяржава і свой народ, і мы павінны іх абараніць, чаго б нам ні каштавала”.

„А то мы вырабляем прадукты харчавання, дзяваць няма куды — нам па імпарце кожны год прырост па пастаўках прадуктаў харчавання. У нас лес падзець няма куды, дрэваапрацоўка свая… У нас нейкія „кранашпаны” (замежная кампанія Kronospan, якая вырабляе ў Беларусі прадукцыю з дрэва. — БелаПАН.) палітыку ажыццяўляюць і дыктуюць. Забудзьцеся! „Кранашпан” павінен побач стаяць. Мы іх не прасуем, мы іх не зневажаем — працаваць на краіну! А потым на іншыя краіны. Я публічна папярэджваю, гэта ўсіх тычыцца. Занадта „прыстойныя” сталі”, — сказаў афіцыйны лідар.

Акрамя таго, Лукашэнка даручыў больш увагі надаваць імпартазамяшчэнню: „Калі ты вырабляеш табурэтку, імпартнай табурэткі быць не павінна. Калі ты канапу, ложак вырабляеш, калі ты кухонную мэблю вырабляеш, імпарту быць не павінна. Так ва ўсіх краінах. Я ж прыводзіў прыклад: Кітай і Амерыка па гэтай прычыне вайну гандлёвую распачалі, не могуць дамовіцца, толькі першы этап прайшлі і то яшчэ, як прайшлі або не прайшлі, незразумела”.

„Таму імпартазамяшчэнне таго, што мы вырабляем, — пытанне нумар адзін. Навошта ж мы завозім па імпарце, навошта мы плацім грошы і даем працу людзям іншым, калі нам трэба тут знайсці гэтыя грошы?” — заявіў Лукашэнка.

belapan.by